Перайсці да зместу

Старонка:Беларускі працэс у Латвіі (1926).pdf/16

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Пры выкладаньні гэографіі ў часе 1922-1924 году, калі Якубецкі карыстаў, як вучебную дапамогу, карту Беларусі 1919 году (якая пры вобыску знойдзена ў яго), на якой ня зроблены ніякія папраўкі. Па гэтай карце, што знаходзіцца ў падручніку Смоліча, вучням трэба было маляваць карту Беларусі.

У канцы 1922 году і ў пачатку 1923 году вучыцелька Дзьвінскае беларускае сярэдняе школы П. Мядзёлка-Грыб дала вучыцелю Прыдруйскае пачатковае школы на патрэбы школы некалькі кніжак і 2 карты 1919 году па гэографіі Беларусі; у ліку дадзеных кніжак была тая-ж гэографія Смоліча.

Вучыцель беларускае школы Прыдруйскае воласьці у вёсцы Шнёкава М. Талерка у 1923-24 гадох на лекцыях гэографіі карыстаў карту Беларусі 1919 году, каторая вісела на сьцяне, і тлумачыў вучням, што хутка тутака будзе Беларусь, і што Латвія дабрахоць аддасьць тэрыторыю, належучую Беларусі.

Вучыцель сьпеваў Люцынскае пачатковае і сярэдняе школы М. Іваноў навучаў беларускаму рэвалюцыйнаму гімну:

„Адвеку мы спалі і нас разбудзілі.
Мы знаем, што трэба рабіць:
Што трэба свабоды, зямлі чалавеку,
Што трэба зладзеяў пабіць!

Што гэта за марная доля няшчасная,
Бяз хлеба, бяз грошаў працуй.
Усюды ганяюць, усюды сьмяюцца,
Ну проста хоць крыкні „ратуй!“

Сьмяюцца над намі багатыя людзі,
Здаецца панамі іх зваць;
Мы доўга цярпелі, цярпець больш ня будзем
І пойдзем мы долі шукаць.

Мы дружна паўстанем з касамі, з сярпамі,
Прагонім зямлі палачоў,
Няхай нас спаткаюць палямі, лясамі,
Грамады працоўных людзёў.“