Старонка:Беларускі правапіс (1943).pdf/53

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная
Эх ты, разводзейка, эх ты, бурлівае!

5) Коска ставіцца пасьля адмоўных і пацьвярджальных дапаможнікаў, не, так, але, прыкл.:

Не, ня гэтага я спадзяваўся!

Так, так, іначай бывала: не называўся забытым мой край.

Але, гэта было так.

6) Для выдзяленьня адасобненых азначэньняў і дзеяпрыметных зваротаў, калі яны стаяць пасьля слова, да якога адносяцца, прыкл.:

Адны толькі стагі, парыжэлыя ад сонца, стаялі на грудочках.

Таўстыя, старыя хвоі, аброслыя мохам, гарэлі, як сьвечкі.

Дзед, звычайна вельмі гаваркі, цяпер маўчаў.

Лес, атулены змрокам і цішынёй, стаяў нярухома.

Паабапал дарогі стаіць лес, сівы ад інею.

УВАГА: Прыметныя і дзеяпрыметныя звароты перад словам, да якога адносяцца, аддзяляюцца коскамі, калі можна паставіць дзеяпрыслоўі будучы ці быўшы, прыкл.:
Поўны новых сіл і сьветлых надзеяў, я сьмела ішоў наперад.
Густой апрануты ліствой, штось шэпчуць вербы між сабой.

7) Пры дзеяпрыслоўных словазлучэньнях, прыкл.:

Гальлё спусьціўшы над парканам,

Расла тут грушка з тонкім станам,

А каля хаты, у садочку,

Схіліўшыся ціхенька у куточку,

Стаялі вербы дзьве старыя.

Цяжкія хмары паўзьлі па шэрым небе і, выцягваючы свае лапы, падпаўзалі да сонца.

Зябнуць вербы на маразе, прытуліўшыся к страсе.

УВАГА: Дзеяпрыслоўі без даданых словаў коскамі не выдзяляюцца, прыкл.:
У хворага пытаюць, а здароваму ня пытаўшы даюць.
Хто з вас гуляючы не узьбягаў на круглыя горкі мурашніку?

8) Для выдзяленьня адасобненага прыдатку, калі ён не выдзяляецца працяжнікам, прыкл.:

Праляцела борзда лета, наша сьветлая пара.

З поўначы холаду, сіверу буйнага, гусі на поўдзень ляцяць.

Грышка, хлопчык невялічкі, выйшаў з хаты у поле.

Мне тыя казкі і легенды, глыбокай спадчыны дары, дзядуля-лірнік падарыў.

Калі прыдатак злучаецца з азначальным словам такімі словамі, як: або, ці, нават, асабліва, г. значыць і іншымі, дык перад гэтымі словамі ставіцца коска, прыкл.:

Па моры ходзяць караблі, або вялікія параплавы.

Ярына, асабліва пшаніца, сёлета была вельмі умалотная.

У поўдзень, у самую сьпеку, нават лісты асіны не варушыліся.

Стэп, ці бязьлесная раўніна, шырака расьсьцілалася перад нашымі вачыма.