Сабраліся хлопцы ўвечар. Увосень багат і верабей. Дабро для ўсіх — наш правадыр. Хто быў нічым, той стане ўсім. Ужо прамінулі няўзгоды пакутныя. Вот узышла ўжо першая вячэрняя зорка. Куды ні глянь — усюды зелена. Ён яго і поіць, і корміць. Тухнуць агні, і ўсё заціхае. Агні патухлі, ўсё заціхла. Вот табе і на! Цесна зьбіліся нашы хаты, як авечкі ў летні жар. Адны вочы і плачуць, і сьмяюцца. Баламутка на ўсякія штукі хутка. Даль паўнютка ціхай смуты. Лес туманам заснаваўся. І рыкам леў сваім будзіў і лес стары, і чыста поле. На чужыне птушкі жывуць усе разам: тут поплеч і кнігі, і бакасы, і качкі, і чаплі. Вецер увосень жудою шуміць.
Правіла 6. 1) Калі слова пачынаецца з галоснага гука о, у ці э пад націскам, то перад імі ставіцца прыдыханьне в або г: вочы, вокны, возера, Ворша, вуха, вугаль, гэты.
Прыдыханьне можа стаяць і ў сярэдзіне слова паміж дзьвюма галоснымі: навука, павук, цівун.
2) Нескарочаны прыназоўнік у (складовы), стаўшы перад словам, што пачынаецца гукам а, падвойваецца і дае ў вымове ув, але в пішацца зьлітна з наступным словам, як прыдыханьне, напр.: у ваднае мацеры пяць сыноў. Дом у вагні. Сем варот у вадзін агарод. Працуй да поту, а еж у вахвоту.
3) Перад злучэньнем двух або трох зычных на пачатку слова зьяўляецца прыстаўны гук і або а: іржа, імгла, імжака, ільняны — альняны, Альбоў (горад), аўторак, аржаны — іржышча; лён — ільну, леў — ільвы, ільву, лоб — ілба.
Практыкаваньне 7. Навука лепей за багацьце. Навука дае чалавеку розум. Вучыся, нябожа: вучэньне паможа змагацца з нядоляй, з няволяй. У ваднае мацеры пяць сыноў (пальцы). Пастушкі разлажылі агонь. Дом у вагні. Ні акон, ні дзьвярэй — поўна хата людзей (гарбуз). На адно вуха глуха, а на другое ня чуе. Іржуць коні за Сулаю. Увосень лётае павуціньне. Ці Лявон, ці не Лявон, а з раду ня вон. Іржа залеза есьць. Вузел быў хітра завязаны. Сьляпому вочы завязаны. За вачыма сьвету ня бачыць.