сквапліва, уюць перавяслы няслабкі; вяжуць снапамі, валяць радамі, ставяць у мэндлі і бабкі (Ст. Ул.). Праца ўвесь сьвет ускарміла, праца нам шчасьце дае; працаю сілы прыроды к людзям у слугі ідуць, з ёю-жа ў сьвеце народы лепшае долі прыждуць (Ц. Гарт.). Станьце, хмурынкі, над рубяжамі родных палеткаў, палёў! Каршун, падняўшыся высока над лугам, круціцца ў небе, выглядаючы сабе пажытак, і нудны крык яго голасна расплываецца над супакоеным лугам. Піліп стары у грамадзе старшынёю быў з паўвеку; ці у працы, ці у радзе — няма, як ён, чалавека; шчыры, добры і разумны, гаспадар прытым на дзіва; вёў найлепей сход наш шумны, судзіў, радзіў справядліва (Я. Луч).
§ 37. Кароткі паўторны пытальнік.
1) Калі ў канцы простага сказу ставіцца пункт? коска? кропка з коскай? двукроп’е? пытальнік? клічнік?
Адказ. У канцы простага сказу, які выражае сабою зусім закончаную думку і ня зьвязан цесна сэнсам з наступным сказам, ставіцца пункт.
Калі сказ выражае сабою пытаньне, то ў канцы яго ставіцца пытальнік.
Калі ў сказе выражаецца покліч, загад, просьба, пера сьцярога, страх, радасьць, зьдзіўленьне ці што падобнае, то ў канцы ставіцца клічнік.
Сказ, цесна зьвязаны сэнсам з наступным сказам або злучаны з ім злучнікам і, ды (=і), а, мае на канцы коску.
Сказ разьвіты, цесна зьвязаны сэнсам з наступным сказам, можа мець на канцы і кропку з коскай.
2) Калі звычайна ставіцца ў сказе працяжнік? Калі ўжываецца злучок?
3) Якімі знакамі прыпынку выдзяляецца зваротак?
4) Якімі знакамі прыпынку выдзяляецца прыдатак?
5) Якімі знакамі прыпынку выдзяляюцца выклічнікі?
6) Якімі знакамі прыпынку выдзяляецца пабочнае слова?
7) Чым аддзяляюцца ў зьлітым сказе падобныя часьціны?
8) У якіх выпадках падобныя часьціны ў зьлітым сказе, зьвязаныя злучнікамі і, ды (=і), або, ці, то, ні і інш., могуць аддзяляцца адзін ад другога коскамі?
9) Якія яшчэ знакі прыпынку бываюць у зьлітым сказе?
10) Якімі знакамі прыпынку аддзяляецца дадана-залежны сказ?