№ 4
Ці куры ў хаце сваім дурам
Падымуць часам шурум-бурум;
Ці абярэцца з іх якая,
Зьнячэўку пеўнем засьпявае
Для большай важнасьці, вагі;
Ці дзесь крумкач разок, другі
У небе крумкне смутна, глуха;
Ці ў юшках песьню завіруха
Зацягне жаласна, нудліва;
Ці загугукае страхліва
Злы гэты дух — сава-начніца —
У кустох альховых над крыніцай,
Гугукне так, што сэрца ные,
Што аж сабака і той завые, —
Усё гэта — дрэннае злучэньне,
Праявы страшнай абвяшчэньне.
Я. Колас.
§ 36. Абагульненьне правіл аб ужываньні знакаў прыпынку.
1. Коска.
Коска ставіцца:
Для выдзяленьня прыдатка (§ 25), зваротка (§ 26), пабочных слоў і сказаў (§ 28 і § 33), пасьля выклічнікаў (§ 27), для выдзяленьня далаўненьня з прыназоўнікамі „апроч“ (апрача), „заместа“ (Апроч ластавак, тут вадзіліся яшчэ шпакі. Заместа мяне, паслалі заграніцу майго брата), перад злучнікамі але, ды (=але), і, калі імі пачынаецца новы сказ (Жыта злажылі, ды не надоўга. Сонца прыгрэе, і сьнег растане), для выдзяленьня аднакіх членаў у зьлітым сказе (§ 29), залежных, або даданых сказаў (§ 31), злучаных сказаў (§ 30), пры паўтарэньні якога-небудзь слова (Гэта быў стары, стары лес. Ідзеш, ідзеш ды спынішся супачыць), для аддзяленьня якой-небудзь даданай часьціны сказу, выражанай некалькімі словамі (Рабенькая круглая кароўка, увелькі з вераб’інае вочка, паўзла па гладзенькай былінцы), пасьля дапаможнікаў але, так, не, пастаўленых перад сказамі (§ 27, 5) для аддзяленьня членаў кругасказу (§ 35, 2).