Старонка:Беларускія сэкцыі РКП і стварэньне Беларускай Савецкай Рэспублікі.pdf/2

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

адносін да БСГ вырастала ўсё болей, а побач вастрэй выяўляўся і на­хіл у бок організацыі беларускае сэкцыі соцыял-дэмократычнае партыі бальшавікоў. Гэтую думку хутка ўсьведамляў амаль ня кожны рабочы грамадавец і сустракаў яе прыхільна. Але не надышоў пакуль момант, каб нараўская організацыя БСГ адпаведным актам, як такая, зьліквідавалася. Пакуль той момант падасьпеў, пуцілаўцы яшчэ прымалі ўдзел у зьезьдзе БСГ з 4 па 10 чэрвеня, вылучыўшы таксама двух сваіх членаў у адзіную дэлегацыю на сэсію Рады беларускіх організацый і партый у Менску 5—6 жніўня.

К гэтаму часу, наогул, разьвіцьцё рэволюцыі паглыбіла клясавыя су­пярэчнасьці. Бальшавіцкай партыі спагадалі шырачэзныя колы рабочых і салдат. Апошнія адчувалі сваім клясавым інстынктам нямінучую хві­ліну, калі асвойтаная і асьмеленая буржуазія дасьць здаровага штуршка сваім соцыял-згодніцкім паслугачым—меншавіком і эсэрам. Пад гучныя заклікі да наступу на фронтах, у сугучнасьць з патрыётычнымі лемантацыямі—у стаўцы шпарка організавалася контр-рэволюцыйная ваеншчына. Прадажніцкая ў адносінах да працоўных політыка Керанскага выяўляла сваё шытво белымі ніткамі. Трэба было рыхтавацца да адбою, да змаганьня за рзволюцыйныя заваёвы. Няўдача ліпеньскага выступленьня не супы­няла рэволюцыйнага ўздыму рабочых і салдацкіх гушчаў.

Адначасна з ростам баявога настрою расьлі сярод іх недавер'е і ва­рожасьць да кожнае, ня выявіўшае сябе клясава дасканала, партыі і ор­ганізацыі.

Выклікала недавер'е ў членаў нараўскае організацыі БСГ і Рада бе­ларускіх організацый і партый у Менску. Ня гледзячы на пераважную колькасьць грамадаўцаў у складзе Рады, усё-ж асноўную працу яе вялі дробнабуржуазныя і буржуазныя элемэнты. Няпэўныя з партыйнага боку члены Рады і члены зорганізаванай к таму часу П. Аляксюком Беларускай народнай соцыялістычнай партыі былі панамі становішча. Ім памагала ў гэтым тое, што члены Рады з БСГ у большасьці жылі і працавалі далёка ад Менску, галоўным чынам, у Маскве, Пецярбурзе і ў арміях.

Такім чынам, і Аляксюкі, і нават Скірмунты мелі значны ўплыў на чыннасьць Рады. Яе дробна-буржуазнасьць выглядала ў кожным выступ­леньні прамоўцаў на сэсіі, у кожнай іх пропозыцыі. Гэта і дало магчы­масьць членам БСГ нараўскае організацыі прайсьціся востраю крытыкаю па чыннасьці Рады. Выступленьні іх былі рашучымі, нават бязьлітаснымі і зра­білі вельмі моцнае ўражаньне на сэсію. Панічны сполах перад бальша­візмам, ахапіўшы ў той час усю буйную і дробную партыйную і беспар­тыйную расійскую буржуазію, выявіўся і на сэсіі Рады ў вялікай боль­шасьці яе ўдзельнікаў. Пра выступленьні пуцілаўцаў доўга ішла гутарка не ў адным месцы; здань іх не давала спакойна спаць памяркоўным радаўцам. Яны палахліва азіраліся ва ўсе бакі, не давяраючы БСГ. Хіба