Старонка:Белалобы.pdf/6

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Яна была ўжо не маладая, і нюх у яе аслабеў. Здаралася, што яна сьлед ліса прымала за сабачы і іншы раз нават, ашуканая нюхам, зьбівалася з дарогі. А раней з ёю ніколі гэтага не здаралася. Па слабасьці здароўя яна ўжо не палявала на цялят і буйных бараноў, як раней, і ўжо далёка абходзіла коняй з жарабятамі, а жывілася аднэй падляцінай; сьвежае мяса ёй даводзілася есьці вельмі рэдка, толькі вясною, калі яна, набрыўшы на зайчыху, адбірала ад яе дзяцей, або забіралася да мужыкоў у хлеў, дзе былі ягняты.

За вярсты чатыры ад яе лагва, ля паштовай дарогі стаяла зімоўка. Тут жыў вартаўнік Ігнат, дзядуля гадоў пад семдзесят, які ўсё кашляў і размаўляў сам з сабою; звычайна ўночы ён спаў, а ўдзень хадзіў па лесе з стрэльбаю-паядынкаю і пасьвістваў на зайцоў. Мусі быць, раней ён служыў у мэханіках, бо кожны раз, перш чым застанавіцца, крычаў сабе: „Стоп, машына!“ І раней чым пайсьці далей: „Поўны ход!“ Пры ім знаходзіўся аграмадны чорны сабака невядомай пароды, якога ён зваў Арапка. Калі сабака забягаў далёка наперад, то ён крычаў яму: „Задні ход!“ Іншы раз ён сьпяваў і пры гэтым моцна