Старонка:Бедныя людзі.pdf/53

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

адно аднаму; памятаю толькі, што я баялася, зьбівалася, крыўдзілася на сябе і нецярпліва чакала канца гутаркі, хоць сама з усіх сіл жадала яе, увесь дзень толькі і марыла пра гэта, толькі і ўкладала свае пытаньні і адказы... З гэтага вечара пачалася першая завязка нашага сяброўства. За ўвесь час мамчынай хваробы, мы кожную ноч па некалькі гадзін праводзілі разам. Я з большага перамагла сваю сарамяжнасьць, хоць пасьля кожнае нашае гутаркі ўсё яшчэ было за што на сябе пакрыўдзіцца. Між іншага, я з затоенай радасьцю і з ганаровым задаваленьнем бачыла, што ён з-за мяне забываўся на свае дакучлівыя кніжкі. Выпадкова, жартам, гутарка зайшла раз, як яны зваліліся з паліцы. Хвіліна была нязвыклая; неяк я занадта была з адкрытым і чыстым сэрцам; запал, дзіўнае захапленьне абваражылі мяне, і я прызналася яму ва ўсім... у тым, што мне хацелася вучыцца, што-небудзь ведаць, што мне крыўдна было, што мяне лічаць дзяўчынкай, дзіцянём... Паўтараю, што я была ў нязвыкла-дзіўным настроі; сэрца маё было мяккае, у вачох стаялі сьлёзы, — я ня ўтоіла нічога, і расказала ўсё, усё — пра маю прыязьнь да яго, пра жаданьне кахаць яго, жыць з ім заадно сэрцам, уцешыць яго, супакоіць яго. Ён паглядзеў на мяне неяк нязвыкла, супучана, зьдзіўлена, і не сказаў мне ні слова. Мне зрабілася раптам вельмі балюча, сумна. Мне здалося, што ён мяне не разумее, што ён, можа быць, з мяне насьміхаецца. Я раптам заплакала, як дзіця, загаласіла, сама сябе стрымаць не магла; быццам-бы была я у якім прыпадку. Ён сха-