Старонка:Бедныя людзі.pdf/42

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

мяне. Але бывала я часамі баязьлівай і сарамяжай; у такім становішчы маім я ні навошта не магла адважыцца і абмяжоўвалася аднымі лятуценьнямі (і бог ведае якімі лятуценьнямі!). Я перастала толькі сваволіць разам з Алесяй; ён перастаў на нас злавацца; але гонару майму гэтага было мала.

Цяпер скажу некалькі слоў пра аднаго самага дзіўнага, самага цікаўнага і самага мізэрнага чалавека з усіх, якіх як-небудзь мне даводзілася спатыкаць. Таму кажу пра яго цяпер, якраз у гэтым месцы маіх нататак, што да самай гэтай эпохі я амаль не зьвяртала на яго аніякай увагі: — але ўсё, што датычыла Пакроўскага, пачало мяне раптам цікавіць!

У нас у доме зьяўляўся часамі старэнькі, чалавек, запэцканы, кепска апрануты, маленькі, сіненькі, цюхцяяваты, нязграбны, адным словам, нейкі-ж вельмі дзіўны. З першага погляду на яго можна было падумаць, што быццам-бы чагосьці саромяецца, быццам-бы яму самога сябе саромна. Таму ён усё неяк курчыўся, неяк крыўляўся, такія ўхваткі, крыўляньні былі ў яго, што можна амаль не памыляючыся падумаць, што ён не пры сваім розуме. Прыдзе, бывала, да нас, ды стаіць у сенцах каля шкляных дзьвярэй, і ў Дом зайсьці ня сьмее. Хто з нас паўз яго пройдзе — я ці Алеся, або з служачых, каго ён ведаў лепш, — то ён зараз махае, робіць розныя знакі, і хіба толькі калі кіўнеш яму галавою і паклічаш яго — дасі ўмоўны знак, што ў доме няма нікога староньняга і што яму можна зайсьці, калі ён хоча, — толькі тады стары паціхеньку адчыняў дзьверы, радасна ўсьмі-