Старонка:Бедныя людзі.pdf/31

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
І

Мне было толькі чатырнаццаць гадоў, калі памёр татка. Маленства маё было самай шчасьлівай парой майго жыцьця. Пачалося яно ня тут, але далёка адсюль, у провінцыі, у глушы! Татка быў кіраўніком вялікага двара князя П. — та, у Т — й губэрні.. Мы жылі ў аднэй з князеўскіх вёсак, і жылі ціха, нячутна, шчасьліва... Я была такая жвавая дзяўчынка; толькі і раблю, бывала, што бегаю па полі, па лесе, па садзе, а пра мяне ніхто і не клапоціцца. Татка ўвесь час быў заняты справамі, мамка займалася гаспадаркай; мяне нічому ня ўчылі, а я гэтаму і рада была. Бывала, з самае раніцы пабягу або на рэчку, або ў лес, або на сенажаць, або да жней — і клопату няма, што сонца пячэ, і што забяжыш сама ня ведаеш куды ад вёскі, падрапаешся аб кусты, парвеш сваю сукенку; — дома пасьля сварацца, а мне і нічога.

І мне здаецца, я такой была-б шчасьлівай, калі-б давялося хоць усё жыцьцё маё не выяжджаць з вёскі і жыць на адным месцы. А між тым я яшчэ дзіцянём змушана была пакінуць родныя месцы. Мне было яшчэ толькі дванаццаць гадоў, калі мы ў Пецярбург прыехалі. Ах, як я смутна памятаю нашы сумныя зборы! Як я плакала, калі разьвітвалася з усім, што так люба было мне. Я памятаю, што я кінулася на шыю татку і са сьлязамі ўпрашвала застацца яшчэ хоць крыху на вёсцы. Татка закрычаў на мяне, мамка — плакала; гаварылі, што патрэбна, што справы гэтага патрабавалі. Стары князь П — і памёр. Спад-