Старонка:Бедныя людзі.pdf/178

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

P. S. Мне так сорамна, што я ўсё вас турбую маімі камісіямі. Вось і надовечы вы цэлую раніцу бегалі. Але што рабіць! У нас у доме няма ніякага парадку, а я сама хворая. Дык ня гневайцеся на мяне, Макар Аляксеевіч. Такая нуда! Ах, што гэта будзе, што гэта будзе, сябры мой, любы мой, добры мой, Макар Аляксеевіч! Я і зазірнуць баюся ў маё будучае. Я ўсё штосьці прадчуваю і быццам у чадзе ў якімсьці жыву.

P. S. На міласьць бога, сябра мой, не забудзьцеся чаго-небудзь з таго, што я вам цяпер гаварыла. Я ўсе баюся, каб вы як-небудзь не памыліліся. Памятайце-ж, тамбуром, а ня гладзьдзю.

Б. Д.

Верасьня 27.

Шаноўная Васпані

Барбара Аляксееўна!

Камісіі вашы ўсе споўніў да макулінкі. Мадам Шыфон кажа, што яна ўжо сама думала абшываць тамбуром; што гэта больш паважна, ці што, ужо ня ведаю. Не зразумеў як мае быць. Ды яшчэ, вы там фальбалу напісалі, дык яна і пра фальбалу казала. Толькі я, матачка, і забыўся, што яна мне пра фальбалу казала. Толькі памятаю, што вельмі шмат гаварыла; такая нягодная баба! Што з таго? Ды вось яна вам сама ўсё раскажа. Я, матачка мая, зусім зьбіўся з панталыку. Сёньня я і на пасаду не хадзіў. Толькі вы, родная мая, дарэмна ўпадаеце ў роспач. Дзеля вашага супакою я гатоў усе магазыны абегаць. Вы