Старонка:Бедныя людзі.pdf/171

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

доўга гаварыў са мной; пра сёе-тое распытаўся. Нарэшце, перад разьвітаньнем, ён узяў мяне за руку і сказаў (я вам пішу ад слова і да слова): «Барбара Аляксееўна! Паміж намі кажучы, Ганна Тодараўна, ваша сваячніца, а мая блізкая знаёмая і прыяцелька, вельмі подлая жанчына». (Тут ён яшчэ назваў яе адным няпрыстойным словам). Збаламуціла яна і стрыечную вашу сястрыцу з дарогі, і вас загубіла. З майго боку і я ў гэтым выпадку подлым быў. Але што, справа жыцьцёвая». Тут ён зарагатаў з усіх сіл. Пасьля заўважыў, што ён прыгожа гаварыць ня майстар, і што, галоўнае, што сказаць трэба было і пра што абавязкі шляхэцтва прымушалі яго не маўчаць ужо ён абвясьціў, і што ў кароткіх словах падыходзіць да канца. Тут ён абвясьціў мне, што просіць рукі маёй, што абавязкам сваім уважае вярнуць мне гонар, што ён багаты, што ён забярэ мяне пасьля шлюбу ў сваю стэповую вёску, што ён хоча там зайцаў труціць; што ён больш у Пецярбург ніколі ня прыедзе, таму што ў Пецярбурзе гадка, што ў яго ёсьць тут у Пецярбурзе, як ён сам сказаў, нягодны пляменьнік, якога ён прысягнуў пазбавіць спадчыны, і ўласна дзеля гэтага выпадку, г. зн. жадаючы мець законных спадчыньнікаў, просіць рукі маёй, што гэта галоўная прычына яго сватаньня. Пасьля ён заўважыў, што я вельмі бедна жыву, што ня дзіва, калі я хворая, жывучы ў такой хацінцы, прадказаў мне нямінучую сьмерць, калі я хоць месяц яшчэ так застануся; сказаў, што ў Пецярбурзе кватэры гадкія, і, нарэшце, што ці ня трэба мне чаго?