Старонка:Бедныя людзі.pdf/14

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ўжо вы зараз-жа і купіце; сапраўды-ж дорага? Якія пекныя на ёй кветкі! Пунсовыя крыжыкі. Дзе гэта вы дасталі такую прыгожанькую геранінку? Я яе пасярэдзіне акна паставіла, на самым віду, а на лаўку яшчэ кветак пастаўлю; вось толькі дайце мне самой разбагацець! Тадора не нацешыцца; у нас цяпер быццам рай у пакойчыку; чыста, сьветла! Ну, а цукеркі навошта? І сапраўды, я адразу-ж па лісьце ўгадала, што ў вас што-небудзь ды ня так — і рай, і вясна, і водары, і птушкі сьвіргочуць. Што гэта, я думаю, ці няма ўжо тут і вершаў? Сапраўды-ж, адных вершаў і не хапае ў лісьце вашым, Макар Аляксеевіч! І адчуваньні пяшчотныя і мары ў ружовым сьвятле - усё тут ёсьць! Пра фіранку і ня думала; яна мабыць сама зачапілася, калі я вазоны перастаўляла; вось вам!

Ах, Макар Аляксеевіч! Што вы ні кажэце, як ні вылічайце свае прыбыткі, каб падманіць мяне, каб паказаць, што яны ўсе да макулінкі ідуць на вас аднаго, але ад мяне ня ўтоіце і не схаваеце нічога. Зразумела, што вы адмаўляеце сабе ў самым патрэбным з-за мяне. Чаму вам уздумалася, напрыклад, такую кватэру наняць? Вас-жа непакояць, турбуюць; вам цесна, нявыгодна. Вам да спадобы самотнасьць, а тут і чаго-чаго няма каля вас! А вы-б маглі куды лепей жыць, пры гэтакай вашай пэнсіі. Тадора кажа, што вы раней і не параўнаць лепей цяперашняга жылі, Няўжо-ж вы так ўсё сваё жыцьцё пражылі, адзін-адным, у недастатках, бяз радасьці, без сяброўскага ветлівага слова, у чужых людзей куткі наймаючы?