Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/98

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

амаль чорны херэс, куплены Цімафеічам у горадзе ў знаёмага купца, аддаваў ні то меддзю, ні то каніфоллю; і мухі таксама перашкаджалі. У звычайны час дваровы хлопчык адганяў іх вялікай зялёнай галінаю; але на гэты раз Васілій Іванавіч адаслаў яго, баючыся асуджэння з боку юнага пакалення. Арына Влас’еўна паспела прыбрацца; надзела высокі чапец з шаўковымі істужкамі і блакітную шаль з разводамі. Яна ізноў пусціла слязу, як толькі ўбачыла свайго Енюшку, але мужу не прышлося яе супакойваць: яна сама хутчэй выцерла свае слёзы, каб не закапаць шаль. Елі адны маладыя людзі: гаспадары даўно паабедалі. Прыслугоўваў Федзька, якому відаць не пад сілу былі вялікія боты, ды дапамагала яму жанчына з мужным тварам і аднавокая, якую звалі Анфісушкай і якая выконвала абавязак ключніцы, птушніцы і прачкі. Васілій Іванавіч у час абеда пахаджаў па пакоі і з усім шчаслівым і нават святым выглядам гаварыў аб цяжкім непакоі, які ўзнімаецца ў ім напалеонаўскай палітыкай і заблытанасцю італьянскага пытання. Арына Влас’еўна не заўважала Аркадзія, не частавала яго; падпёршы кулачком свой круглы твар, якому пухлыя, вішнёвага колеру, губкі і радзімкі на шчаках і над брывямі надавалі выраз вельмі добрадушны, яна не спускала вачэй з сына і ўсё ўздыхала, ёй страшэнна хацелася даведацца, на які час ён прыехаў, але спытацца яна ў яго баялася. «Ну, як скажа — на два дні», думала яна, і сэрца ў яе замірала. Пасля смажанага Васілій Іванавіч знік на момант і вярнуўся з адкаркованай поўбутэлькай шампанскага. «Вось, — ускрыкнуў ён, — хоць мы і ў глушы жывем, а на ўрачысты выпадак маем чым сябе павесяліць!» — Ён наліў тры бакалы і чарку, агаласіў здароўе «дарагіх гасцей» і адразу, па-ваеннаму, хлопнуў свой бакал. Арыну Влас’еўну прымусіў выпіць чарку да апошняй кропелькі. Калі чарга дайшла да варэння, Аркадзій, які не любіў нічога салодкага, палічыў, аднак, за свой абавязак пакаштаваць ад чатырох розных, толькі што звараных гатункаў, тым больш, што Базараў адмовіўся, як адсек, і зараз-жа закурыў сігару. Потым з’явіўся на сцэну чай са сліўкамі, з маслам і крэндзелямі; потым Васілій Іванавіч павёў усіх у сад, для таго, каб палюбавацца на пекнату вечара. Праходзячы міма лаўкі, ён шапнуў Аркадзію: — На гэтым месцы я люблю філасофстваваць, гледзячы на захад сонца: яно падыходзіць пустэльніку. А там далей я пасадзіў некалькі дрэў, якія любіў Гарацый.

— Што за дрэвы? — спытаўся, услухоўваючыся, Базараў.

— А як-жа... акацыі.