Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/88

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Нечаканы выпадак вывеў яе з гэтага становішча: дварэцкі далажыў аб прыездзе Сітнікава.

Цяжка перадаць словамі, якою перапёлкаю ўляцеў у пакой малады прагрэсіст. Адважыўшыся, з уласціваю яму назольнасцю, паехаць у вёску да жанчыны, якую ён ледзьве ведаў, якая ніколі яго не запрашала, але ў якой, па атрыманых вестках, гасцілі такія разумныя і блізкія яму людзі, яго ўсё-такі да касцей скоўвала нясмеласць і заместа таго, каб высыпаць загадзя завучаныя прабачэнні і прывітанні, прамармытаў нейкую дрэнь, што Еўдаксія, моў, Кукшына прыслала яго даведацца пра здароўе Анны Сяргееўны, і што Аркадзій Нікалаевіч, таксама, яму заўсёды адзываўся з найвялікшай пахвальбою... На гэтым слове ён запнуўся і збянтэжыўся да таго, што сеў на ўласны капялюш. Аднак, з таго, што ніхто яго не прагнаў, і Анна Сяргееўна нават пазнаёміла яго з цёткаю і сястрою, ён хутка ачухаўся і затрашчэў на-ўсю. З’яўленне брыдознасці бывае часта карысным у жыцці: яно паслабляе занадта высока настроеныя струны, ацверажае самаўпэўненыя альбо самазабыўчыя пачуцці, нагадваючы ім сваё блізкае сваяцтва з імі. З прыездам Сітнікава ўсё стала неяк тупей — і прасцей; усе нават павячэралі лепей і разышліся спаць на поўгадзіну раней як звычайна.

— Я магу табе цяпер паўтарыць, — казаў, лежачы на пасцелі Аркадзій Базараву, які таксама раздзеўся, — тое, што ты мне сказаў аднойчы: «Чаго ты такі сумны? Пэўна выканаў які-небудзь святы абавязак?» — Паміж абодвума маладымі людзьмі з некаторага часу ўстанавілася нейкае фальшыва развязнае падсміханне, што заўсёды з’яўляецца адзнакаю тайнага незадаволення альбо нявыказаных падозранняў.

— Заўтра да бацькі еду, — прагаварыў Базараў.

Аркадзій прыпадняўся і абапёрся на локаць. Ён і здзівіўся і чамусьці ўзрадаваўся. — А! прамовіў ён. — І ты ад гэтага сумны?

Базараў зяхнуў. — Шмат будзеш ведаць, пастарэеш.

— А як-жа Анна Сяргееўна? — не спыняўся Аркадзій.

— Што такое Анна Сяргееўна?

— Я хачу сказаць: хіба яна цябе адпусціць?

— Я да яе не наймаўся.

Аркадзій задумаўся, а Базараў лёг і павярнуўся тварам да сцяны.

Прайшло некалькі хвілін у маўчанні. — Еўгеній! — ускрыкнуў раптам Аркадзій.

— Ну?