Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/86

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

момант, яна ўжо стаяла далёка ў кутку і глядзела адтуль на Базарава. Ён рвануўся да яе...

— Вы мяне не зразумелі, — прашаптала яна з пахаплівым торапам. Здавалася, ступі ён яшчэ крок, яна-б ускрыкнула... Базараў закусіў губы і вышаў.

Праз поўгадзіны пасля служанка падала Анне Сяргееўне запіску ад Базарава; яна складалася з аднаго толькі радка: «павінен я сягоння паехаць — ці магу застацца да заўтрага?» — «Чаго ад’язджаць? Я вас не разумела — вы мяне не зразумелі», адказала яму Анна Сяргееўна, а сама падумала: «я і сябе не разумела».

Яна да абеда не паказалася і ўсё хадзіла ўзад і ўперад па сваім пакоі, заклаўшы рукі назад, зрэдку спыняючыся то перад акном, то перад люстрам, і павольна праводзіла хусткаю па шыі, на якой ёй усё здавалася гарачая пляма. Яна пыталася ў сябе, што прымушала яе «дамагацца», як казаў Базараў, яго адкрытнасці, і ці не падазравала яна чаго-небудзь... «Я вінавата», прамовіла яна ўголас, «але я гэта не магла прадбачыць». Яна задумвалася і чырванела, успамінаючы амаль звярыны твар Базарава, калі ён кінуўся да яе...

«Альбо?» праказала яна раптам, і спынілася, і страсянула кудрамі... Яна ўбачыла сябе ў люстэрку; яе назад закінутая галава з таямнічаю ўсмешкай на поўзакрытых, поўраскрытых вачах і вуснах, здавалася, казала ёй у гэты момант нешта такое, ад чаго яна сама замяшалася...

«Не», вырашыла яна нарэшце, «бог ведае, куды-б гэта павяло, гэтым нельга жартаваць, спакой усё-такі лепш за ўсё на свеце».

Яе спакой не быў узрушаны; але яна засмуцілася і нават трохі заплакала раз, сама не ведаючы чаго, толькі не ад атрыманай абразы. Яна не адчувала сябе абражанаю: яна хутчэй адчувала сябе вінаватаю. Пад уплывам розных цмяных пачуццяў, усведамлення адыходзячага жыцця, жадання новага, яна прымусіла сябе дайсці да пэўнай рысы, прымусіла сябе глянуць за яе — і ўбачыла за ёю нават не бяздонне, а пустату... альбо брыдасць.

XIX

Як ні валодала сабою Одзінцова, як ні стаяла вышэй ад усякай прыхамаці, але ёй было няёмка, калі яна з’явілася ў сталовую к абеду. Урэшце, ён прайшоў даволі шчасліва. Парфірый Платоныч прыехаў, расказваў розныя анекдоты; ён толькі што вярнуўся з горада. Між іншым, ён паведаміў,