Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/84

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

што вы незадаволены. А мне ў галаву, праўда, такія думкі не прыходзяць.

— Можа быць, яны здаюцца вам смешнымі?

— Не, але яны мне не прыходзяць у галаву.

— Сапраўды? Ведаеце, я-б вельмі хацела ведаць, аб чым вы думаеце?

— Як? Я вас не разумею.

— Паслухайце, я даўно хацела перагаварыць з вамі. Вам няма чаго казаць, — вам гэта самім вядома, што вы чалавек не з ліку звычайных: — вы яшчэ малады — усё жыццё перад вамі. Да чаго вы сябе рыхтуеце? Якая будучыня чакае вас? Я хачу сказаць — якой мэты вы хочаце дасягнуць, куды вы ідзеце, што ў вас на душы? Словам, хто вы? Што вы?

— Вы мяне дзівіце, Анна Сяргееўна. Вам вядома, што я займаюся прыродазнаўчымі навукамі, а хто я...

— Але, хто вы?

— Я ўжо гаварыў вам, што я будучы павятовы лекар.

Анна Сяргееўна зрабіла нецярплівы рух. — Чаму вы гэта гаворыце? Вы гэтаму самі не верыце. Аркадзій мог-бы мне адказваць гэтак, а не вы.

— Ды чым-жа Аркадзій...

— Кіньце! Ці магчыма, каб вы задавольваліся такою скромнаю дзейнасцю, і ці не самі вы заўсёды сцвярджаеце, што для вас медыцына не існуе. Вы — з вашай ганарлівасцю — павятовы лекар! Вы мне адказваеце так, каб зрабіць адчэпнае, таму што вы не маеце ніякай даверлівасці да мяне. А ці ведаеце, Еўгеній Васільевіч, што я ўмела-б зразумець вас: я сама была бедная і ганарлівая, як вы; я прайшла, можа быць, праз гэткія-ж пакуты, як і вы.

— Усё гэта вельмі добра, Анна Сяргееўна, але вы мне прабачце... Я наогул не прывык выказвацца; і паміж вамі і мной такая адлегласць...

— Якая адлегласць? — Вы зноў мне скажаце, што я арыстакратка. Годзе, Еўгеній Васільіч; я вам, здаецца, даказала.

— Ды і акрамя таго, — перапыніў Базараў, — што за ахвота гаварыць і думаць пра будучае, якое ў большасці не ад нас залежыць? Выйдзе выпадак што-небудзь зрабіць — вельмі добра, а не выйдзе — прынамсі тым будзь здаволены, што загадзя дарэмна не балбатаў.

— Вы называеце сяброўскую гутарку балбатнёй... Альбо, можа быць, вы мяне, як жанчыну, не лічыце вартай вашай даверлівасці? — Вы-ж намі ўсімі пагарджаеце.

— Вамі я не пагарджаю, Анна Сяргееўна, вы гэта ведаеце.