Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/80

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Так... я думаю, што вы заўсёды застаецеся на адным месцы таму, што вы сябе збалавалі, таму што вы вельмі любіце камфорт, выгоды, а да ўсяго астатняга вельмі роўнадушныя.

Одзінцова ізноў усміхнулася.

— Вы рашуча не хочаце верыць, што я здольна захапляцца?

Базараў спадлоба глянуў на яе.

— Цікаўнасцю — бадай: але не іначай.

— Сапраўды? Ну, цяпер я разумею, чаму мы сышліся з вамі; і вы-ж гэткі-ж, як я.

— Мы сышліся... — глуха прамовіў Базараў.

— Але!.. Я-ж забылася, што вы хочаце паехаць.

Базараў устаў. Лямпа цмяна гарэла пасярод пацямнелага, водарнага, самотнага пакоя; праз зрэдка ўскалыхваную штору ўлівалася раздражняючая свежасць ночы, быў чуцен яе таемны шэпт. Одзінцова не варушылася ніводным членам, але тайнае хваляванне ахапляла яе патроху... Яно перадалося Базараву. Ён раптам адчуў сябе адзін-на-адзін з маладою, прыгожаю жанчынай...

— Куды вы? — павольна прагаварыла яна.

Ён нічога не адказаў і апусціўся на крэсла.

— Значыцца, вы лічыце мяне спакойнай, спешчанай, збалованай істотай, — казала яна тым-жа голасам, не зводзячы вачэй з акна. — А я дык ведаю пра сябе, што я нешчаслівая.

— Вы нешчаслівыя! З чаго? Няўжо вы можаце надаваць якое-небудзь значэнне паганым плёткам?

Одзінцова нахмурылася. Ёй зрабілася прыкра, што ён так яе зразумеў.

— Мяне гэтыя плёткі нават не смяшаць, Еўгеній Васільевіч, і я занадта гордая, каб дазволіць ім мяне непакоіць. Я нешчаслівая з таго... што няма ва мне жадання, ахвоты жыць. Вы недаверліва на мяне глядзіце, вы думаеце: гэта гаворыць «арыстакратка», якая ўся ў мярэжах і сядзіць на машастовым крэсле. Я і не таюся: я люблю тое, што вы называеце камфортам, і ў той-жа час я мала жадаю жыць. Прыміце гэту супярэчнасць, як ведаеце. Урэшце, гэта ўсё ў вашых вачах рамантызм.

Базараў пахістаў галавою.

— Вы здаровыя, незалежныя, багатыя; чаго-ж яшчэ? Чаго вы хочаце?

— Чаго я хачу, — паўтарыла Одзінцова, і ўздыхнула. — Я вельмі стамілася, я старая, мне здаецца, я вельмі даўно жыву. Але, я старая, — дадала яна, ціхенька нацягваючы