Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/79

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— І вы лічыце, што я беззаганная... што я так правільна наладзіла сваё жыццё?

— Чаму не! Ды вось, напрыклад: праз некалькі хвілін праб’е дзесяць гадзін, і я ўжо наперад ведаю, што вы прагоніце мяне.

— Не, не праганю, Еўгеній Васільевіч. Вы можаце застацца. Адчыніце гэта акно... мне нешта душна.

Базараў устаў і піхнуў акно. Яно адразу з стукам расчынілася... Ён не чакаў, што яно так лёгка адчынялася; прытым яго рукі дрыжэлі. Цёмная, мяккая ноч глянула ў пакой з сваім амаль чорным небам, паціху шумеўшымі дрэвамі і свежым пахам вольнага чыстага паветра.

— Спусціце штору і сядзьце, — прамовіла Одзінцова, — мне хочацца пагутарыць з вамі перад вашым ад’ездам. Раскажыце мне што-небудзь пра самога сябе; вы ніколі пра сябе не гаворыце.

— Я стараюся гутарыць з вамі пра рэчы сур’ёзныя, Анна Сяргееўна.

— Вы вельмі сціплы... Але мне хацелася-б даведацца аб чым-небудзь пра вас, пра вашу сям’ю, пра вашага бацьку, для якога вы нас пакідаеце.

«Нашто яна гаворыць такія словы?» падумаў Базараў.

— Усё гэта ані нецікава, — прамовіў ён уголас: — асабліва для вас; мы людзі цёмныя...

— А я, па-вашаму, арыстакратка?

Базараў узняў вочы на Одзінцову. — Але, — праказаў ён пераўвялічана рэзка.

Яна ўсміхнулася.

— Я бачу, вы мяне ведаеце мала, хоць вы і ўпэўняеце, што ўсе людзі адзін на аднаго падобны, і што іх вывучаць не варта. Я вам калі-небудзь раскажу сваё жыццё... але вы мне раней раскажыце сваё.

— Я вас ведаю мала, — паўтарыў Базараў. — Можа быць, вы маеце рацыю; можа быць, сапраўды, кожны чалавек загадка. Ды хоць вы, напрыклад, вы цураецеся людзей, яны вам-у прыкрасць, — і запрасілі да сябе жыць двух студэнтаў. Чаму вы, з вашым розумам, з вашай прыгажосцю, жывеце ў вёсцы?

— Як? Як вы гэта сказалі? — з жвавасцю падхапіла Одзінцова. — З маёй... прыгажосцю?

Базараў нахмурыўся.

— Гэта ўсёроўна, — прамармытаў ён, — я хацеў сказаць, што не разумею добра, чаму вы пасяліліся ў вёсцы?

— Вы гэтага не разумееце... Аднак, вы тлумачыце гэта сабе як-небудзь?