Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/7

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

сабраўся быў за мяжу, каб хоць трохі развеяцца... але тут надышоў 48-ы год. Ён супроць волі вярнуўся ў вёску і пасля даволі доўгай бяздзейнасці заняўся гаспадарчымі рэформамі. У 55-м годзе ён павёз сына ў універсітэт; пражыў з ім тры зімы ў Пецербургу, амаль нікуды не выходзячы і стараючыся заводзіць знаёмствы з маладымі таварышамі Аркадзія. На апошнюю зіму ён прыехаць не мог, — і вось мы бачым яго ў маі месяцы 1859 года, ужо зусім сівога, пухленькага і крыху згорбленага: ён чакае сына, які атрымаў, як некалі ён сам, годнасць кандыдата.

Слуга з пачуцця далікатнасці, а можа быць і не жадаючы быць пад панскім вокам, зайшоў пад звароты і закурыў люльку. Нікалай Пятровіч панік галавой і пачаў глядзець на старэнькія ўсходкі ганка: вялікае, пярэстае кураня паважна пахаджала па ім, моцна стукаючы сваімі вялікімі жоўтымі нагамі; запэцканая кошка непрыязна паглядала на яго, манерна прыкархнуўшы на парэнчах. Сонца пякло; з поўцёмных сяней пастаялага дварка тхнула пахам цёплага аржанога хлеба. Замарыўся наш Нікалай Пятровіч. «Сын... кандыдат... Аркаша...» безупынна вярцелася ў яго галаве; ён спрабаваў думаць аб чым-небудзь другім, і зноў варочаліся тыя-ж думкі. Успомнілася яму нябожчыца-жонка... «Не дачакалася!» — шапнуў ён нявесела... Тоўсты шызы голуб прыляцеў на дарогу і спешна накіраваўся піць у лужынку каля студні. Нікалай Пятровіч пачаў глядзець на яго, а вуха яго ўжо лавіла стук колаў, якія набліжаліся...

— Здаецца, яны едуць-с, — далажыў слуга, вынырнуўшы з-пад варот.

Нікалай Пятровіч усхапіўся і ўтаропіў вочы ўдоўж дарогі. Паказаўся тарантас, запрэжаны тройкаю фурманскіх коней; у тарантасе мільгнуў аколыш студэнцкай шапкі, знаёмы абрыс дарагога твара...

— Аркаша! Аркаша! — закрычаў Кірсанаў, і пабег, і замахаў рукамі... Праз некалькі імгненняў потым яго губы прыпалі ўжо да безбародай, запыленай і загарэлай шчакі маладога кандыдата.

II

— Дай-жа атрэсціся, папаша, — гаварыў крыху сіплым ад дарогі, але звонкім юнацкім голасам Аркадзій, весела адказваючы на бацькаўскія ласкі, — я цябе ўсяго запэцкаю.

— Нічога, нічога, — казаў усё, расчулена ўсміхаючыся, Нікалай Пятровіч, і разы два ўдарыў рукою па каўняры сыноўняга шыняля і па ўласным паліце. — Пакажы сябе, па-