Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/62

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

былася на маё існаванне», — адчуў на душы нейкую прыгожую пакорлівасць...

— Ну, што? — спытаўся Базараў у Аркадзія, як толькі той вярнуўся да яго ў куток. — Замеў асалоду? Мне зараз казаў адзін барын, што гэтая пані — ой, ой, ой; ды барын гэты, здаецца, дурань. Ну, і па-твойму, што яна, праўда — ой, ой, ой?

— Я гэта вызначэнне не зусім разумею, — адказаў Аркадзій.

— Вось яшчэ! Які святы!

— У такім выпадку я не разумею твайго барына, Одзінцова вельмі любая — бясспрэчна, але яна так холадна і строга сябе трымае, што...

— У ціхім балоце... ты ведаеш! — падхапіў Базараў. — Ты кажаш, яна холадна трымаецца. У гэтым самы смак і ёсць. Ты-ж любіш марожанае?

— Можа быць, — прамармытаў Аркадзій, — я аб гэтым судзіць не магу. Яна хоча з табой пазнаёміцца і прасіла мяне, каб я прывёз цябе да яе.

— Уяўляю, як ты мяне распісваў! Урэшце, ты зрабіў добра. Вязі мяне. Хто-б яна ні была — ці проста губерская ільвіца, ці «эманцыпе» накшталт Кукшынай — толькі ў яе такія плечы, якіх я не бачыў даўно.

Аркадзія скрывіла ад цынізма Базарава, але — як гэта часта здараецца — ён папракнуў свайго прыяцеля не за тое іменна, што яму ў ім не спадабалася.

— Чаму ты не хочаш дапусціць свабоду думкі ў жанчынах? — праказаў ён упоўголас.

— Таму, браток, што, як я заўважаю, свабодна мысляць паміж жанчынамі толькі вырадкі.

Гутарка на гэтым спынілася. Абодва маладыя чалавекі паехалі зараз-жа пасля вячэры. Кукшына злосна-нервова, але не без нясмеласці, засмяялася ім услед: яе ганарлівасць была глыбока ўражана тым, што ні той, ні другі не звярнуў на яе ўвагі. Яна заставалася пазней за ўсіх на балі і пад чацвертую гадзіну пратанцавала польку-мазурку з Сітнікавым на парыжскі манер. Гэтым навучальным відовішчам і закончылася губернатарскае свята.


XV

— Паглядзім, да якога разраду жывёл належыць гэта асоба, — казаў на наступны дзень Аркадзій Базараў, узнімаючыся разам з ім па лесніцы гасцініцы, у якой спынілася Одзінцова. — Чуе мой нос, што тут нешта нядобра.