Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/61

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ў другіх, страйней і шырэй, і рухі яе былі асабліва плаўныя і натуральныя ў адзін і той-жа час.

Аркадзій адчуваў на сэрцы некаторую нясмеласць, калі, пры першых гуках мазуркі, ён усаджваўся каля сваёй дамы і, рыхтуючыся пачаць гутарку, толькі праводзіў рукой па валасах і не знаходзіў ніводнага слова. Але ён адчуваў нясмеласць і хваляваўся нядоўга; спакой Одзінцовай перайшоў і да яго: чвэрткі гадзіны не прайшло, як ужо ён вольна расказваў пра свайго бацьку, дзядзьку, пра жыццё ў Пецербургу і ў вёсцы. Одзінцова слухала яго з далікатнай спагадаю, злёгку раскрываючы і закрываючы веер; лапатанне яго перапынялася, калі яе выбіралі кавалеры; Сітнікаў, між іншым, запрасіў яе два разы. Яна вярталася, садзілася зноў, брала веер, і нават грудзі яе не дыхалі шпарчэй, а Аркадзій ізноў прымаўся лапатаць, увесь поўны шчасцем, што знаходзіцца блізка каля яе, гаворыць з ёю, гледзячы ў яе вочы, у яе прыгожы лоб, на ўвесь яе любы, важны і разумны твар. Сама яна гаварыла мала, але веданне жыцця адчувалася ў яе словах; па некаторых яе заўвагах Аркадзій заключыў, што ўжо гэта маладая жанчына паспела пераадчуць і перадумаць шмат.

— З кім вы гэта стаялі? — спыталася яна ў яго, — калі пан Сітнікаў падвёў вас да мяне?

— А вы яго заўважылі? — спытаўся ў сваю чаргу Аркадзій. — Праўда, які ў яго слаўны твар? Гэта нехта Базараў, мой прыяцель.

Аркадзій узяўся гаварыць пра «свайго прыяцеля».

Ён гаварыў пра яго гэтак падрабязна і з такім захапленнем, што Одзінцова павярнулася да яго і ўважна на яго паглядзела. Між тым мазурка падыходзіла к канцу. Аркадзію стала шкода расставацца з сваёй дамай; ён так добра правёў з ёю каля гадзіны! Праўда, ён на працягу ўсяго гэтага часу заўсёды адчуваў, як быццам яна яму робіць нейкую ласку, як быццам яму трэба было быць ёй удзячным... але маладыя сэрцы не абцяжае гэта пачуццё.

Музыка змоўкла. — Merci[1], — прамовіла Одзінцова, устаючы. — Вы абяцалі мне наведаць мяне, прывязіце-ж з сабой і вашага прыяцеля. Мне будзе вельмі цікаўна бачыць чалавека, які мае смеласць ні ў што не верыць.

Губернатар падышоў да Одзінцовай, абвясціў, што вячэра гатова, і з заклапочаным тварам падаў ёй руку. Адыходзячы, яна павярнулася, каб апошні раз усміхнуцца і кіўнуць Аркадзію. Ён нізка пакланіўся, паглядзеў ёй услед (які стройны здаўся яму яе стан, абліты шэраватым бляскам чорнага шоўку!) і, падумаўшы: «у гэты момант яна ўжо за-

  1. Дзякую.