Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/54

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Не ведаю, сапраўды.

— Ты хацеў людзей глядзець, ідзі, — заўважыў у поўголас Аркадзій.

— А вы што-ж, пан Кірсанаў, — падхапіў Сітнікаў. — Калі ласка і вы, без вас нельга.

— Ды як-жа гэта мы ўсе разам навалімся?

— Нічога, Кукшына — чалавек дзівосны.

— Бутэлька шампанскага будзе? — спытаў Базараў.

— Тры! — ускрыкнуў Сітнікаў. — За гэта я ручаюся.

— Чым?

— Уласнай галавою.

— Лепш-бы машною бацюхны. А, урэшце, пойдзем.

XIII

Невялікі дваранскі дамок на маскоўскі манер, у якім пражывала Аўдоц’я Нікіцішна, альбо Еўдаксія Кукшына, знаходзіўся на адной з нова-выгараўшых вуліц горада ***; вядома, што нашы губерскія гарады гараць праз кожныя пяць гадоў. Каля дзвярэй, над крыва прыбітаю візітнаю карткаю, віднелася ручка званка, і ў пярэдняй сустрэла прышоўшых ні то служанка, ні то кампан’ёнка ў чапцы, — яўныя адзнакі прагрэсіўных імкненняў гаспадыні. Сітнікаў спытаўся, ці дома Аўдоц’я Нікіцішна.

— Гэта вы, Victor[1]? — пачуўся тонкі голас з суседняга пакоя. — Уваходзьце.

Жанчына ў чапцы зараз-жа знікла.

— Я не адзін, — прамовіў Сітнікаў, зухліва скідаючы сваю венгерку, пад якою аказалася нешта накшталт паддзёўкі альбо паліто-сака, і кідаючы спрытны позірк Аркадзію і Базараву.

— Усёроўна, — адказаў голас. — Entrez[2].

Маладыя людзі ўвайшлі. Пакой, у якім яны апынуліся, быў падобен хутчэй на рабочы габінет, чым на гасціную. Паперы, лісты, тоўстыя нумары рускіх часопісаў, у большасці неразрэзаныя, валяліся па запыленых сталах; усюды бялелі раскіданыя недакуркі папярос. На скураной канапе ляжала дама, яшчэ маладая, бялявая, крыху растропаная, у шаўковым, не зусім ахайным, плацці, з буйнымі бранзалетамі на кароценькіх руках і мярэжнаю наміткаю на галаве. Яна ўстала з канапы і, нядбайна нацягваючы сабе на плечы аксамітную шубку на пажаўцелым гарнастаі, лена прамовіла: — Добры дзень, Victor, — і паціснула Сітнікаву руку.

— Базараў, Кірсанаў, — прагаварыў ён адрывіста, пераймаючы Базарава.

— Міласці просім, — адказала Кукшына і, уставіўшы на

  1. Віктар.
  2. Уваходзьце.