Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/167

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

коў Расіі. Як амаль усе нашы могілкі, яны маюць выгляд маркотны: канавы, што абкружылі іх, даўно зараслі; шэрыя драўляныя крыжы пахіліліся і гніюць пад сваімі некалі фарбаванымі стрэшкамі, каменныя пліты ўсе ссунуты, нібы хто іх падпіхаў знізу; два-тры абскубленых дрэўцы ледзьве даюць убогі цень; авечкі бесперашкодна бродзяць па магілах... Але між імі ёсць адна, да якой не дакранаецца чалавек, якую не топча жывёла: адны птушкі садзяцца на яе і пяюць досвіткам. Жалезная агарожа яе абкружае; дзве маладыя ёлкі пасаджаны з абодвух канцоў: Еўгеній Базараў пахаваны ў гэтай магіле. Да яе, з недалёкай вёсачкі часта прыходзяць двое ўжо зусім старэнькіх — муж з жонкаю. Падтрымліваючы адзін аднаго, ідуць яны цяжкой паходкай; падыйдуць да агарожы, прыпадуць і стануць на калені, і доўга, і горача плачуць, і доўга, і ўважліва глядзяць на нямы камень, пад якім ляжыць іх сын; перакінуцца кароткім словам, пыл змахнуць з камня ды галінку ёлкі паправяць, і зноў моляцца, і не могуць пакінуць гэта месца, адкуль ім як быццам бліжэй да іх сына, да ўспамінаў пра яго... Няўжо іх малітвы, іх слёзы бясплодныя? Няўжо любоў, святая, адданая любоў не ўсемагутная? О, не! Якое-б падкае, грэшнае, бунтаўлівае сэрца ні схавалася ў магіле, кветкі, што растуць на ёй, супакойна глядзяць на нас сваімі чыстымі вачыма: не пра адзін вечны спакой кажуць нам яны, пра той вялікі спакой «роўнадушнай» прыроды; яны кажуць таксама пра вечнае прымірэнне і пра жыццё бясконцае...