— Еўгеній...
— Душа мая, гэта не бяда; ці тое яшчэ на свеце прыядаецца! А цяпер я думаю, ці не развітацца нам? З той пары, як я тут, я вельмі паскудна сябе адчуваю, — нібы начытаўся лістоў Гогаля да калужскай губернатаршы. Дарэчы-ж, я загадаў не распрагаць коней.
— Злітуйся, гэта немагчыма!
— А чаму?
— Я ўжо не кажу пра сябе; але гэта будзе ў вышэйшай ступені недалікатна перад Аннай Сяргееўнай, якая абавязкова захоча цябе бачыць.
— Ну, у гэтым ты памыляешся.
— А я, наадварот, упэўнены, што я праўду кажу, — сказаў Аркадзій. — І чаго ты прытвараешся? Ужо калі на тое пайшло, хіба ты сам не для яе сюды прыехаў?
— Гэта, можа быць, і правільна, але ты ўсё-такі памыляешся.
Але Аркадзій казаў праўду. Анна Сяргееўна захацела пабачыцца з Базаравым і запрасіла яго да сябе праз дварэцкага. Базараў пераадзеўся, раней чым пайшоў да яе: аказалася, што ён уклаў сваё новае адзенне так, што яно было ў яго пад рукою.
Одзінцова яго прыняла не ў тым пакоі, дзе ён так нечакана прызнаўся ёй у каханні, а ў гасцінай. Яна ласкава працягнула яму кончыкі пальцаў, але на твары яе было мімавольнае напружанне.
— Анна Сяргееўна, — паспяшаўся сказаць Базараў, — раней за ўсё я павінен вас супакоіць. Перад вамі смяротны, які сам даўно апамятаўся, і спадзяецца, што і другія забыліся на яго дурату. Я еду надоўга, і згадзіцеся, хоць я не мяккая істота, але мне было-б нявесела панесці з сабою думку, што вы ўспамінаеце пра мяне з агідаю.
Анна Сяргееўна глыбока ўздыхнула, як чалавек, які толькі што ўзлез на высокую гару, і твар яе ажывіўся ўсмешкаю. Яна другі раз працягнула Базараву руку і адказала на яго поціск.
— Хто старое ўспамяне, таму вока вон, — сказала яна, — тым больш, што, кажучы шчыра, і я саграшыла тады, калі не какецтвам, дык нечым другім. Адно слова: будземце прыяцелямі па-ранейшаму. Гэта быў сон, праўда? А хто сны помніць?
— Хто іх помніць? Ды пры тым каханне... гэта-ж пачуццё напускное.
— Праўда? Мне вельмі прыемна гэта чуць.
Так гаварыла Анна Сяргееўна, і так гаварыў Базараў; абое яны думалі, што казалі праўду. Ці была праўда, поў-