Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/142

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

чыся па пакоі, як чалавек, які і сам уяўляе і хоча паказаць, што радуецца. — У нас-жа ўсё ў доме добра, усе здаровы, праўда?

— Усё ў вас добра, але не ўсе здаровы, — прагаварыў Базараў. — А ты не тарабань, загадай прынесці мне квасу, прысядзь і слухай, што я табе паведамлю ў кароткіх, але, спадзяюся, даволі моцных словах.

Аркадзій прыціх, а Базараў расказаў яму пра сваю дуэль з Паўлам Пятровічам. Аркадзій вельмі здзівіўся і нават засмуціўся, але не палічыў патрэбным гэта выказаць; ён толькі спытаўся, ці сапраўды не небяспечная рана яго дзядзькі? І атрымаўшы адказ, што яна — самая цікавая, толькі не з медыцынскага боку, — змушана ўсміхнуўся, а на сэрцы яму і жудасна зрабілася, і неяк сорамна. Базараў як быццам яго зразумеў.

— Але, брат, — прамовіў ён, — вось што значыць з феадаламі пажыць. Сам у феадалы трапіш і ў рыцарскіх турнірах удзельнічаць будзеш. Ну-с, вось я і накіраваўся да бацькоў, — так заключыў Базараў, — і па дарозе завярнуў сюды... каб усё гэта перадаць, сказаў-бы я, калі-б не лічыў бескарысную ману — глупствам. Не, я завінуў сюды — чорт ведае чаго. Бачыш, чалавеку часам карысна ўзяць сябе за чуб ды высмаргнуць сябе вон, як рэдзьку з грады; гэта я зрабіў гэтымі днямі... Але мне захацелася глянуць яшчэ раз на тое, з чым я разлучыўся, на тую граду, дзе я сядзеў.

— Я спадзяюся, што гэтыя словы не да мяне, — сказаў з хваляваннем Аркадзій, — я спадзяюся, што ты не думаеш разлучацца са мной.

Базараў пільна, амаль прарэзліва глянуў на яго.

— Быццам гэта так засмуціць цябе? Мне здаецца, што ты ўжо разлучыўся са мною. Ты гэткі свежанькі ды чысценькі... напэўна, твае справы з Аннай Сяргееўнай ідуць лепей не трэба.

— Якія мае справы з Аннай Сяргееўнай?

— Ды хіба ты не для яе сюды прыехаў з горада, птушанё? Дарэчы, як там маюцца васкрэсныя школы? Хіба ты не закаханы ў яе? Альбо ўжо табе прышла пара пад сціпласць хавацца.

— Еўгеній, ты ведаеш, я заўсёды быў шчыры з табою; магу цябе ўпэўніць, бажуся табе, што ты памыляешся.

— Гм! Новае слова, — заўважыў упоўголас Базараў. — Але табе няма чаго гарачыцца, — мне-ж гэта зусім усёроўна. Рамантык сказаў-бы: я адчуваю, што нашы дарогі пачынаюць разыходзіцца, а я проста кажу, што мы адзін аднаму прыеліся.