Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/135

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

сваіх губ, і так і прыпаў да яе, не цалуючы яе і толькі зрэдку сударгава ўздыхаючы...

«Божа», падумала яна, «ужо ці не прыпадак з ім?..»

А ў гэты момант цэлае загінутае жыццё ў ім трапятала.

Лесніца заскрыпела пад шпаркімі крокамі... Ён адпіхнуў яе ад сябе прэч і адкінуўся галавой на падушку. Дзверы расчыніліся, — і вясёлы, свежы, румяны, з’явіўся Нікалай Пятровіч. Міця, гэткі-ж свежы і румяны, як бацька, падскокваў у адной кашульцы на яго грудзях, чапляючыся голымі ножкамі за вялікія гузікі яго вясковага паліта.

Фенічка так і кінулася да яго і, абвіўшы рукамі і яго і сына, прыпала галавой да яго пляча. Нікалай Пятровіч здзівіўся: Фенічка, сарамяжная і сціплая, ніколі не лашчылася да яго ў прысутнасці трэцяй асобы.

— Што з табой? — прамовіў ён і, глянуўшы на брата, перадаў ёй Міцю. — Ты не горш сябе адчуваеш? — спытаў ён, падходзячы да Паўла Пятровіча.

Той уткнуў твар ў бацістовую насоўку. — Не... так... нічога... Наадварот, мне куды лепей.

— Ты дарэмна паспяшаўся перайсці на канапу. Ты куды? — дадаў Нікалай Пятровіч, паварочваючыся да Фенічкі, але тая ўжо ляпнула за сабою дзвярыма. — Я быў прынёс паказаць табе майго багатыра; ён занудзіўся па свайму дзядзьку. Чаго гэта яна панесла яго? Аднак, што з табой? Здарылася ў вас тут што-небудзь, ці што?

— Брат! — урачыста прагаварыў Павел Пятровіч.

Нікалай Пятровіч дрогнуў. Яму зрабілася жудасна, ён сам не разумеў — чаму.

— Брат, — паўтарыў Павел Пятровіч, — дай мне слова выканаць адну маю просьбу.

— Якую просьбу? Кажы.

— Яна вельмі важная; ад яе, на мой погляд, залежыць усё шчасце твайго жыцця. Я ўвесь гэты час шмат думаў пра тое, што я хачу цяпер сказаць табе... Брат, выканай абавязак твой, абавязак сумленнага і пачэснага чалавека, спыні спакусу і дрэнны прыклад, які падаецца табою, лепшым з людзей!

— Што ты хочаш сказаць, Павел?

— Жаніся з Фенічкаю... Яна цябе любіць; яна — маці твайго сына.

Нікалай Пятровіч адступіў на крок і ўсплёснуў рукамі.

— Ты гэта кажаш, Павел? Ты, якога я лічыў заўсёды самым цвёрдым супраціўнікам падобных шлюбаў! Ты гэта кажаш! Але хіба ты не ведаеш, што толькі з павагі да цабе я не выканаў таго, што ты так правільна назваў абавязкам!