асобамі, што ў доме? Гэта таксама справа нязбытная. Хіба перад братам? Але-ж вы яго любіце?
— Люблю.
— Усёй душою, усім сэрцам?
— Я Нікалая Пятровіча ўсім сэрцам люблю.
— Праўда? Паглядзіце на мяне, Фенічка (ён першы раз так называў яе)... Вы ведаеце — вялікі грэх маніць!
— Я не маню, Павел Пятровіч. Мне Нікалая Пятровіча не любіць, ды пасля гэтага мне і жыць не трэба.
— І ні на кога вы яго не прамяняеце?
— На каго-ж магу я яго прамяняць?
— Ці мала на каго! Ды вось хоць-бы на гэтага пана, што адсюль паехаў.
Фенічка ўстала. — Госпадзі божа мой, Павел Пятровіч, за што вы мяне мучыце? Што я вам зрабіла? Як гэта можна такое гаварыць?..
— Фенічка, — прамовіў маркотным голасам Павел Пятровіч, — я-ж бачыў...
— Што вы бачылі?
— Ды там... у альтанцы.
Фенічка зачырванелася ўся да валос і да вушэй. — А чым-жа я тут вінавата? — ледзьзе вымавіла яна.
Павел Пятровіч прыпадняўся. — Вы не вінаваты? Не? Ніколькі?
— Я Нікалая Пятровіча аднаго на свеце люблю, і век любіць буду! — прагаварыла з раптоўнаю сілай Фенічка, між тым як рыданні так і паднімалі яе горла. — А што вы бачылі, дык я на страшным судзе скажу, што віны маёй у тым няма і не было, і ўжо лепей мне памерці зараз, калі мяне ў такой справе падазраваць могуць, што я перад маім дабрадзеем, Нікалаем Пятровічам...
Але тут голас здрадзіў ёй, і ў той-жа час яна адчула, што Павел Пятровіч ухапіў і сціснуў яе руку... Яна паглядзела на яго і так і акамянела. Ён зрабіўся яшчэ бляднейшым; вочы яго блішчэлі, і, што за ўсё было дзіўней, буйная адзінокая сляза кацілася па яго шчацэ.
— Фенічка! — сказаў ён нейкім дзіўным шопатам. — Любіце, любіце майго брата! Ён гэтакі добры, любы чалавек! Не здраджвайце яму ні для каго на свеце, не слухайце нічыіх гутарак! Падумайце, што можа быць жахлівей, як любіць і не быць любімым! Не пакідайце ніколі майго беднага Нікалая.
Вочы высахлі ў Фенічкі, страх яе прайшоў, — да таго вялікае было яе здзіўленне. Але, што зрабілася з ёю, калі Павел Пятровіч, сам Павел Пятровіч прыціснуў яе руку да