Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/128

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ну, накінем яшчэ два крокі. — Базараў правёў наском бота рысу на зямлі. — Вось і бар’ер. А дарэчы: на колькі крокаў кожнаму з нас ад бар’ера адыйсці? Гэта таксама важнае пытанне. Учора пра гэта не было дыскусіі.

— Я думаю, на дзесяць, — адказаў Павел Пятровіч, падаючы Базараву абодва пісталеты. — Будзьце ласкавы выбраць.

— Калі ласка. А згадзіцеся, Павел Пятровіч, што паядынак наш незвычайны да смешнага. Вы паглядзіце толькі на фізіяномію нашага секунданта.

— Вам ўсё хочацца жартаваць, — адказаў Павел Пятровіч. — Я не адмаўляю дзівачнасці нашага паядынку, але лічу за абавязак папярэдзіць вас, што я намераны біцца сур’ёзна. A bon entendeur, salut[1]!

— О! я не сумняваюся ў тым, што мы наважылі знішчаць адзін аднага; але таму-ж не пасмяяцца і не злучыць utile dulci[2]? Гэтак вось: вы мне па-французску, а я вам па-латыні.

— Я буду біцца сур’ёзна, — паўтарыў Павел Пятровіч і накіраваўся на сваё месца. Базараў з свайго боку адлічыў дзесяць крокаў ад бар’ера і спыніўся.

— Вы гатовы? — спытаўся Павел Пятровіч.

— Зусім.

— Можам сыходзіцца.

Базараў ціхенька рушыў наперад, і Павел Пятровіч пайшоў на яго, заклаўшы левую руку ў кішэню і паволі паднімаючы дула пісталета... «Ён мне проста ў нос цэліць», падумаў Базараў, «і як жмурыцца старанна, разбойнік! Аднак гэта непрыемнае адчуванне. Пачну глядзець на ланцужок яго гадзінніка...» Нешта рэзка зыкнула каля самага вуха Базарава, і ў той-жа момант пачуўся стрэл. — «Чуў, значыць, нічога», паспела мільгануць у яго галаве. Ён ступіў яшчэ раз і, не цэлячыся, паціснуў пружынку.

Павел Пятровіч дрогнуў злёгку і хапіўся рукой за ляжку. Струменьчык крыві пацёк па яго белых нагавіцах. Базараў кінуў пісталет убок і падышоў да свайго супраціўніка. — Вы ранены? — прамовіў ён.

— Вы мелі права падазваць мяне к бар’еру, — прагаварыў Павел Пятровіч, — а гэта глупства. Па ўмове, кожны мае яшчэ па аднаму стрэлу.

— Ну, прабачце, гэта да другога разу, — адказаў Базараў і абхапіў Паўла Пятровіча, які пачынаў бляднець. — Цяпер я ўжо не дуэліст, а доктар, і раней за ўсё павінен аглядзець вашу рану, — Пётр! хадзі сюды, Пётр! Куды ты схаваўся?

  1. Хто мае вушы, хай чуе.
  2. Прыемнае з карысным.