Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/127

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

думай, якая прыпадае табе важная роля!» Пётр развёў рукамі, панурыўся і, увесь зялёны, прытуліўся да бярозы.

Дарога з Мар’іна агінала лясок, лёгкі пыл ляжаў на ёй, яшчэ не крануты з учарашняга дня ні колам, ні нагою. Базараў мімаволі паглядзеў удоўж той дарогі, рваў і кусаў траву, а сам усё гаварыў сабе. «Якая недарэчнасць!» Ранішні халадок прымусіў яго разы тры здрыгануцца... Пётр панура глянуў на яго, але Базараў толькі ўсміхнуўся: ён не баяўся.

Пачуўся тупат конскіх ног па дарозе... Мужык паказаўся з-за дрэў. Ён гнаў двух спутаных коней перад сабою і, праходзячы міма Базарава, паглядзеў на яго неяк дзіўна, не скідаючы шапкі, што, відаць, збянтэжыла Пятра, як нядобрая адзнака. «Вось гэты таксама рана ўстаў», падумаў Базараў, «ды прынамсі за справаю, а мы?..»

— Здаецца, яны ідуць, — шапнуў раптам Пётр.

Базараў узняў галаву і ўбачыў Паўла Пятровіча. Адзеты ў летні пінджак у клетку і белыя, як снег, нагавіцы, ён шпарка ішоў па дарозе; пад пахаю ён нёс скрынку, загорнутую ў зялёнае сукно.

— Прабачце, я, здаецца, прымусіў вас чакаць, — прамовіў ён, кланяючыся спярша Базараву, потым Пятру, у якім ён ў гэты момант паважаў нешта накшталт секунданта. — Я не хацеў будзіць майго камердынера.

— Нічога, — адказаў Базараў, — мы самі толькі што прышлі.

— А! тым лепей! — Павел Пятровіч аглянуўся кругом. — Нікога не відаць, ніхто не перашкодзіць... Мы можам пачаць?

— Пачнем.

— Новых тлумачэнняў вы, я думаю, не патрабуеце?

— Не патрабую.

— Хочаце вы набіваць? — спытаўся Павел Пятровіч, вымаючы з скрынкі пісталеты.

— Не, набівайце вы, а я крокі адмерваць пачну. Ногі ў мяне даўжэйшыя, — дадаў Базараў з усмешкаю. — Раз, два, тры...

— Еўгеній Васільевіч, ледзь прагаварыў Пётр (ён дрыжэў, як у ліхаманцы), — воля ваша, я адыйду.

— Чатыры... пяць... Адыйдзі, брат, адыйдзі, можаш нават за дрэва стаць і вушы заткнуць, толькі вачэй не закрывай; а паваліцца хто, бяжы падымаць. Шэсць... сем... восем.

Базараў спыніўся. — Даволі? — прамовіў ён, звяртаючыся да Паўла Пятровіча: — альбо яшчэ два крокі накінуць?

— Як хочаце, — прагаварыў той, забіваючы другую кулю.