Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/119

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

раз падышла да яго дзвярэй, каб запытацца ў яго — купаць ёй Міцю, ці не? Яна не толькі давяралася яму, не толькі яго не баялася, яна пры ім трымалася вальней, як пры самім Нікалаі Пятровічу. Цяжка сказаць, чаму гэтак было; можа быць таму, што яна без усведамлення адчувала ў Базараве адсутнасць усяго дваранскага, усяго таго вышэйшага, што і вабіць і палохае. У яе вачах ён і доктар быў вельмі добры, і чалавек просты. Не саромячыся яго прысутнасці, яна вазілася з сваім дзіцем, і аднойчы, калі ў яе раптам закружылася і забалела галава, з яго рук прыняла лыжку лякарства. Пры Нікалаі Пятровічу яна як быццам чужалася Базарава: яна гэта рабіла не з хітрасці, а з нейкага пачуцця прыстойнасці. Паўла Пятровіча яна баялася больш, як каго-небудзь; ён з некаторага часу пачаў наглядаць за ёю і нечакана з’яўляўся, нібы з зямлі вырастаў, за яе спіною ў сваім с’юце, з нерухомым пільным тварам і рукамі ў кішэнях. — «Так цябе холадам і абдасць», скардзілася Фенічка Дуняшы, а тая ў адказ ёй уздыхала і думала пра другога «нячулага» чалавека. Базараў, сам таго не падазраючы, зрабіўся лютым тыранам яе душы.

Фенічцы падабаўся Базараў; але і яна яму падабалася. Нават твар яго змяняўся, калі ён з ёю гутарыў: ён набываў выгляд ясны, амаль добры, і да звычайнай яго нядбайнасці прымешвалася нейкая жартаўлівая ўважлівасць. Фенічка харашэла з кожным днём. Бывае эпоха ў жыцці маладых жанчын, калі яны раптам пачынаюць расцвітаць і распускацца, як летнія ружы; такая эпоха надышла для Фенічкі. Усё таму спрыяла, нават ліпеньская спёка, якая была тады. Адзетая ў лёгкае, белае плацце, яна сама здавалася бялейшаю і лягчэйшаю: загар не прыставаў да яе, а гарачыня, ад якой яна не магла ўберагчыся, злёгку румяніла ёй шчокі ды вушы, і, уліваючы ціхую ляноту ва ўсё яе цела, адлюстроўвалася дымліваю млявасцю у яе харошанькіх вочках. Яна амаль не магла працаваць; рукі ў яе так і падалі на калені. Яна ледзьве хадзіла і ўсё вохала ды скардзілася з пацешным бяссіллем.

— Ты-б часцей купалася, — казаў ёй Нікалай Пятровіч. Ён збудаваў вялікую, палатном крытую, купальню ў той з сваіх сажалак, якая яшчэ не зусім высмягла.

— Ой, Нікалай Пятровіч! Ды пакуль да вады дойдзеш — памрэш, і назад пойдзеш — памрэш. Ценю-ж у садзе няма.

— Гэта праўда, што ценю няма, — адказваў Нікалай Пятровіч і цёр сабе бровы.

Аднойчы, гадзіне а сёмай, Базараў, варочаючыся з прагулкі, застаў у даўно адцвілай, але яшчэ густой і зялёнай бэзавай альтанцы Фенічку. Яна сядзела на лаўцы, накінуўшы,