Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/77

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

дык тут рэволюцыя ў нашых руках. Мы тут яе павінны рабіць. Мы павінны быць гатовы ўсе падтрымліваць рэволюцыйныя комітэты, рэволюцыйную ўладу, якая зараз можа, пачаць працаваць легальна. Дзеля гэтага мы павінны, разбурыўшы старую дысцыпліну, быць організаваныя навакол сваіх рэволюцыйных органаў. Мы тут павінны зрабіць рэволюцыю. Даволі непатрэбнае вайны…

Ён як скончыў, пачалі тады выступаць наперад з натоўпу салдаты:

— Што нас ганяюць з кутка ў куток каторы ўжо час! Учора нас гналі цэлы дзень сюды, сёньня пасадзілі ў гэтыя цяплушкі, а заўтра, ёсьць загад, зноў высаджваць і гнаць туды, адкуль мы ўчора прышлі!..

— Дык што… калі гэтакая дысцыпліна, дык чаго больш чакаць…

— Годзе! Кідаць вінтоўкі!..

— Павярнуць эшалён назад… У тыл!..

Відаць у той самы час гэтакая самая работа адбывалася і ў іншых вагонах, бо калі малады, высокі салдат вышаў з вагона, чуў ўзбуджаныя галасы за пазачыненымі дзьвярыма.

Вышаўшы з вагона, ён акінуў вокам уздоўж паўз цягнік: нікога ня было. Ён перабраўся на другі бок эшалёну і пайшоў упоперак цераз запасныя рэйкі. Некалькі ліній рэек ён перайшоў. Там, у самым кутку, на водшыбе ад баракаў і далёка ад першае лініі, вырысоўваліся цемныя абрысы нярухомых эшалёнаў. Салдат як падышоў да іх, чуў адтуль галасы: там гаварылі; часам праз малюпаценькае цяплушачнае акенца выбіваўся на двор чырвоны сноп сьвятла. Эшалёны стаялі ў некалькі радоў. Салдат пачаў пераходзіць паміж імі, пералазіць, сагнуўшыся, пад вагонамі. Нарэшце ён, пералічыўшы вагоны ў хвасьце аднаго цягніка, выбраў адзін вагон і пастукаў ў дзьверы. Вартавы салдат стаяў з самага краю праходу паміж вагонамі. Пачуўшы стук, ён азірнуўся і пачаў прыглядацца. Салдат ня ўзяў гэта на ўвагу. Ён палез у прачыненыя дзьверы. У вагоне ня было цесна. Людзі ня спалі. Гарэла сьвечка, устаўленая ў бутэльку, пасярод вагона стаяў доўгі ўслон і цяпер ён замяніў стол: на ім ляжала тэка з паперамі і некалькі салдат сядзела навокал яго на кайстрах і паскручваных шынэлях.

— Я абышоў некалькі вагонаў, — сказаў салдат, увайшоўшы.

Цяпер ён заўважыў, што ў вагоне пануе нейкае ўзбуджэньне.