Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/42

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

6. НОЧ

Не сказаць каб у той дзень у Леапольда Гушкі была хоць адна якая-небудзь прасьветлая хвіліна, з прычыны таго, што той дзень быў — ня звычайны дзень: Марылька ішла замуж за Няміру. Марылька і маці, яны гэта рыхтаваліся з цямна да гэтакае ўрачыстасьці. Сам-жа Леапольд Гушка да самага, можна сказаць, адвячорка ў гэтую справу не мяшаўся: з цёмнага ён паехаў у гарадок, павёз воз каменьня знаёмаму карчмару. Той мураваў у сваёй стадоле склеп, на гэты склеп Гушка павінен быў навазіць яму чым найхутчэй каменьня, а за гэта карчмар даў яму наперад, на Марыльчына вясельле, грошай. Праўда, на вясельле гэтых грошай не магло хапіць, рэшту іх давялося ўрываць яшчэ адсюль- адтуль нават два рублі ўзяць на адработак у Сурвілы. Дык, значыцца, Леапольд Гушка з цямна павёз каменьне ў гарадок.

Ён думаў і яшчэ з адным возам справіцца, бо дзень улетку вялікі. Ён павольна сабе ішоў за возам і нешта апошні час вельмі чорныя думкі пра Адася не давалі яму спакою. Яны гналі з чалавека ўсё, што было не пра Адася. Нават выганялі настрой, які мог быць у чалавека перад даччыным вясельлем. Гушка ішоў паволі за канём, пагукваў на яго і сапраўды такі ў думках прасіў бога, каб ён памог яму яшчэ раз справіцца завезьці каменьне: праўдзівей кажучы, каб бог памог гэта зрабіць каню, бо конь ледзьве перасоўваў ногі. Пад скураю ў яго ходарам хадзілі рэбры, галава была панурая і ля вачэй яшчэ больш як калі раіліся мухі. А ён нават ня сьцепаў ужо галавою, каб паадганяць іх.

Усе апошнія дні быў конь гэтакі. Гэтыя апошнія дні вельмі-ж было работы яму: і каменьне вазіў, і на полі рабіў, і Сурвілу адрабляў. Праўда, поле было ўроблена, Гушка выстараўся: на камяніцы (гэта можна сказаць ня была ўжо камяніца) добра расло, добра сьпела і добра павінна было прыбрацца з поля пад працавітымі рукамі гэтае сям’і.

Конь гэты адбрыкаў сваю маладосьць і адрабіў сваю сілу ў Сурвілы, а да Гушкі прышоў дажыць сваю апошнюю старасьць. Тут яно і латвей было гэта: недалёка было балота, куды гаспадар павінен будзе выцягнуць яго косьці.

Гушка ў гэты дзень думаў гэтак: гэты дзень няхай сабе можа і цераз сілу адпрацуе немагушчая жывёліна, але з заўтрашняга дня яна пагуляе ў яго з тыдзень затое. Што мог іначай парадзіць