Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/31

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Адася Гушкі. Прыганяты тут-жа ўспомніў дзевяцьсот пяты год і паімчаўся ў двор сказаць пра ўсё аконому. З гэтае прычыны ўвечары аконам узяў на допыт Адася Гушку і просьбаю, і найбольш грозьбаю, дапытваўся, ці гэта ён сам да ўсяго гэтага дадумаўся, ці ў гарадку яго пэўныя людзі навучылі. Калі-ж Гушка сказаў, што тут кожны ўжо гэтую навуку і сам прайшоў, дык аконам пагразіў пальцам: «ня ідзі, значыцца, па бацькаўскай дарозе, калі хочаш мець службу». Адась Гушка моўчкі пайшоў ад аконома, ня выслухаўшы яго нават да канца. А назаўтра разам з усімі пайшоў на работу. Рабіў ён ня больш як гадзін дзьве. Пасьля таго як аконам напіўся гарбаты, на поле прывялі другога парабка і загадалі Адасю перадаць яму коні, а самому ісьці ў двор. Там яму далі разьлік і ня ўсьпеў ён адысьціся ад двара ў кірунку да гарадка і кілёмэтра, як сьледам за ім зьявіўся на дарозе поліцэйскі і павёў яго ў места. Сам прыстаў трымаў яго перад сабою нешта гадзін са тры, а пасьля пусьціў, загадаўшы сваім людзям ня спускаць яго залішне вока. У наступныя дні, і нават тыдні людзі бачылі, што за горадам, дзе кладуць новую шашу, паміж малатабойцаў, што білі каменьне, ёсьць адзін вельмі малады, гадоў дваццаць напэўна яшчэ няма яму, і ўсё нешта тлумачыць людзям. Яго слухаюць і патураюць яму, спагадліва пакіўваючы галовамі. Нават ужо і слова яго падхапілі, якое ён часта гаворыць: «у пана — во, а ў мужыка — во». І пры гэтым заўсёды, перагаварваючы гэты словы, рабілі рукамі адпаведны гэст. Пасьля заўважылі, што хлопец гэты раптам зьнік недзе.

Дзе ён і як зьнік, бачыў адзін чалавек, нізкі, вусаты, дубаваты ў паходцы і ў голасе. Гэты чалавек аднойчы ў нядзелю сядзеў у прыстава на кухні. Ён цярпліва чакаў, пакуль прыстаў прыдзе пагаварыць з ім. Ён такі прычакаў. Прыстаў сам вышаў да яго і павёў да сябе ў пакоі. Дубаваты чалавек стараўся ня грукаць ботамі, але пасьля заўважыў, што сам прыстаў нават стараецца каб як мацней адбіваць па падлозе хаду. Тады і ён загрукаў, але раптам-жа сьціх — у прыстава гэта было сапраўднае мастацтва, а ў яго — простая хамаватасьць. Тут чалавек падумаў, што кожнаму мужыку, які выходзіць у людзі, гэтак як-бы хоць і ён сам, трэба адукоўвацца. І ён пазайздросьціў прыстаўскай культурнасьці.

— Садзіцесь, — гаспадзін Сурвіла, — запрасіў прыстаў. — З чым бог прынёс!

— З пад кілбас, і здругою дзяжою мёду, — адказаў чалавек.