Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/30

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— А дзе-ж мы яго цяпер убачым? — запытаў ён, сам хочучы ўбачыць малога брата.

— А ён па той бок рэчкі з чарадою. Ведаеш што ён цяпер у трох гаспадароў каровы пасе. І начуе там, у вёсцы…

Яны перайшлі рэчку і знайшлі Антуся ў полі. Ён, здалося Адасю, падрос, выцягнуўся.

— От ты цяпер які стаў!

Антусь быў рад брату і сястры. Ён жартаваў з імі, разам з тым пагукваў на чараду.

— Яны ўжо мой дух чуюць, вельмі-ж рабая Сурвіла карова. Я калі гукну, дык у шкоду ніколі ня пойдзе. Я ўжо знаравіў іх…

Яны пабылі ля яго ніштавата часу, а пасьля пайшлі да вёскі, дзе Марылька заўважыла сваіх таварышак. Дзяўчата зьбіраліся гуляць у сьвяты дзень, усе — Марыльчыны аднагодкі, калі яшчэ маленства сядзіць у чалавеку, але ўжо і першае юнацтва неўзабаве зьявіцца.

Адась, пакінуўшы тут сястру, адзін пайшоў назад у панскі двор, на той бок гарадка, на сваё парабкоўства.



4. НОГІ Ў АНУЧАХ І МОЛАТ У РУКАХ

Той дзень, зусім надвечар, Адася Гушку бачылі ў гарадку. Ён як утрапены які хадзіў і як-бы шукаў чагосьці па вуліцах. У панскім дварэ таварыш яго так і ня прычакаў, пакуль даглядаць нанач коні. Ён прышоў позна, апоўначы, калі ўсе ўжо халастыя парабкі ў агульнай скарбовай афіцыне паснулі. Некаторыя заўважылі, што ён доўга ня клаўся, а сядзеў упоцемку. А як лёг, доўга ня мог заснуць. Назаўтра-ж яго не дабудзіцца было ісьці на работу. Думалі, што што ён проста пагуляў учора дзе ў гасьцёх. Але на полі ён раптам загаварыў інакш, як гаварыў дагэтуль. Перш за ўсё яму не спадабалася, што гэтак рана гоняць араць і гэтак позна, да самага цямна, трымаюць на полі. Пасьля ён пачаў падгаварваць парабкоў запатрабаваць, каб пан падбольшчыў ардынарыі. Дайшло нават да таго, што калі была пара зьбірацца на абед, дык, слухаючы яго, парабкі раней, чым прыганяты падаў знак, пакідалі работу і пачалі зьбірацца вакол