Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/150

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

лікі сад, а рэшта — было поле, роўнае; ральля чарнела з пад лёгкага першага сьнегу. Уся мясцовасьць адгэтуль была як на далоні. Вёска даходзіла новымі хатамі, каб траха дык да самага-б гэтага месца. Вялікія новыя пабудовы стаялі і ўбаку ад вуліцы. Сярод іх — Сымон Чуйка пазнаў гэты дом адразу, пабудаваны калісьці на новым хутары Сурвілам — стаяў ён цяпер пасярод новых будынкаў, перанесены ў вёску. «Школа» — прачытаў на ім Сымон Чуйка.

На даляглядзе сінелі зімовыя лясы. Гасьцінец ішоў проста ў шырокае поле.



5. ЛЕАПОЛЬД ГУШКА

Трэба было ведаць Леапольда Гушку раней, гэтак як ведаў яго калісьці Сымон Чуйка — тады калі яшчэ Леапольд Гушка рваў камяні на няўрадлівай панскай камяніцы, а пасьля сплачваў за яе ўсім жыцьцём сваім Сурвілу, трэба было тады ведаць яго, каб цяпер адчуць і ўбачыць няспынны поступ рэволюцыі. І Сымон Чуйка ўбачыў перад сабою сьляды гэтае рэволюцыі, калі толькі што спаткаўся з Леапольдам Гушкам.

Абшарпаны і змучаны Сымон Чуйка адразу адчуў, што і ён сам прынёс сюды на вялікую справу сваю цягавітасьць.

Леапольд Гушка стаяў перад Сымонам Чуйкам — высокі, цьвёрды, спакойны. Густая сівая кучаравасьць была ў яго на галаве, упартыя маршчыны праходзілі праз лоб. Чуйку здавалася, што гэта ён адзін тут мог зьмяніць гэтак мясцовасьць. Ужо ў наступныя дні, як стаў ён разам з усімі на работу ў гэтым прыгранічным колгасе, ён і сам адчуў сябе гэтак, як-бы быў тут заўсёды і разам з усімі, і з Леапольдам Гушкам пачынаў і цяпер вядзе далей гэтую справу.

— Ты кажаш, што шкадуеш што не пабачыўся перад адыходам сюды з сваім Рыгорам? — казаў Леапольд Гушка Чуйку, — дык ты сапраўды добры работнік. Бо ты не гаворыш што шкадуеш, што Рыгор астаўся там, ён-жа там, ты сам-жа гаворыш, недзе робіць рэволюцыю. Ты адно паслухай.…

І ён дастаў з кішэні конвэрт, а з яго два лісты.

— Бачыш, адзін па-нямецку пісаны рукою Эдварда Лявэра, а от пераклад, каб я, значыцца, прачытаць мог. Ён гэтак і пры-