Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/14

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Зараз-жа трэба было выбірацца з панскай хаты і ён выбраўся сюды: жыў як цыган колькі часу ў хвойнічку, пакуль не апытаў старое хаты на знос. Перавезьлі яму хату новыя яго суседзі: сяляне з блізкай вёскі, а склаў яе ён сам і гэтакім парадкам над узбалоцьцем на ўзгорку з краю хвойнічку зьявілася малая як кузьня хаціна.

Цяпер ужо чалавек, б’ючыся як рыба аб лёд, шукаючы на людзях работы, робячы на блізкіх хутарох, пачаў прыглядацца бліжэй да зямлі, што была навокал яго хаты. Ён думаў: мала што зямля ў гэным куточку кепская, але угнаіўшы яе, урабіўшы, даглядзеўшы, будзе неяк-жа расьці на ёй. Расьце-ж вунь у лажку неяк панскі авёс на ёй. І ён тады пайшоў да пана прасіць ласкі, каб той выпусьціў яму ў арэнду з дзесяціну, або дзьве гэтае гляіцы.

— Э-э, — абазваўся пан, — што-ж, я пусьціў цябе стаць на маёй зямлі аднэй нагою, а ты захацеў на ёй цэлым тулавам легчы. Не-не, мне дробных пасэсараў ня трэба.

Парабак папрасіў прабачэньня і падаўся назад. Але ён някінуў думкі пра гэтую зямлю: арэнды за яе пан ня мог узяць вялікае, бо што гэта за зямля. А, тымчасам, ён-бы жыў на ёй. Ён-бы даглядаў яе, угнойваў-бы, урабляў. Ён быў-бы сам сабе панам: ён пакінуў-бы быць за парабка. А купіць дзяляначку, зямлі — на гэта трэба грошы, дый не малыя. Ды, дзе купіш крыху. Калі дзе чуваць прадаецца, дык усё больш.

Адным словам, кожны дзень, ідучы куды-небудзь на работу, або тупаючы без патрэбы ля хаты, калі работы нідзе не знаходзілася (чалавек ня мог уседзець ні хвіліны, склаўшы рукі), ён кідаў вока на лажок унізе і на камяніцу ў сябе пад нагамі: думка яго не магла спакойна мінуць гэтае зямлі, гэтак, як яго нябожчыка бацьку, не пакідала думка пра далёкую радзіму. Бо гэта ня быў ураджоны тутэйшы чалавек.

Калісьці князь, замак якога відаць адгэтуль у гарадку, вандруючы па Эўропе, прыслаў адтуль добрага аўчара: па княжацкіх маёнтках пачала шырока практыкавацца гадоўля мерыносных авец. Аўчароў прыехала некалькі, але разам яны не асталіся, а паразьяжджаліся па маёнтках. Дык бацька гэтага чалавека і трапіў якраз у гэтую мясьціну. Усе проста і думалі, што гэта прыехаў чалавек, які пры князю, пры пану будзе за паўпанка: нешта накшталт аконама, або якога-небудзь вучонага