Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/138

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— А дзе ён?

— Дзе ён? (чалавек паглядеў на Чуйку нешта вельмі пільна. Ён убачыў перад сабою высокага чалавека, абарванага, змучанага, але з жывым бляскам у ваччу). — А нашто вы пра яго пытаеце? Вы ведаеце яго?

— Ці ведаю яго? Гэта мой сын.

— Вы Рыгораў бацька? А вы дзеля яго прышлі, ці самі работы хочаце дастаць? Вы недзе значыцца зблізку адсюль? Рыгор-жа быў тутэйшы.

— Скажэце мне дзе мой Рыгор. А тады можна і пра работу пагаварыць. Калі можна — я стану на работу.

— Работы тут няма, а Рыгор ваш нямаведама дзе цяпер.

— Як гэта?

— Так што ў нас была забастоўка, мы спрабавалі дамагчыся, каб падбольшылі нам заработак. Пільня стаяла два тыдні. Мы гэта пачалі наўмысьля тады, калі пачалася была забастоўка лёдзінскіх ткачоў, і калі былі забастоўкі ў Вільні і ў Беластоку…

— Ну дык што…

— Дык Рыгор Чуйка тут пачынаў усю справу, а канчалі мы ўжо без яго. Ён быў за старшыню забастовачнага комітэту, а канчалі забастоўку мы ўжо бяз старшыні…

— А дзе-ж ён? — ня сьцерпеў Сымон Чуйка.

— Яго арыштавалі. Недзе, кажуць, іх усіх разам сабралі ў адным месцы; і з Вільні кіраўнікоў забастоўкі, і з Беластоку, і з…

— І нічога ня чуваць больш?

— Члены таго комітэту напэўна ведаюць (чалавек зноў пільна агледзеў Чуйку, пасьля падумаў), але тых комітэтчыкаў не забралі, бо ня ведалі што яны ў комітэце былі. І цяпер ня ведаюць… Вы сапраўды Рыгораў бацька?

— Дзівак чалавек, — аж пакрыўдзіўся Чуйка, а пасьля сьціх, хмурна ўспомніўшы сваю астрожную практыку.

— Хадзем сюды, — сказаў чалавек.

— Яны пайшлі ўбок залеснае вёскі, дзе ішлі абшары скарбовага поля.

— А як-жа ты, чалавеча, дагэтуль пра сына свайго ня ведаеш, гэтая-ж справа была даўно ўжо? Гэта добра што ты на мяне нарваўся якраз, я тут вельмі даўно працую і ўсё тут ведаю. І Рыгора твайго добра ведаю.

Тады Чуйка Сымон расказаў пра сябе.