Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/129

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Пасьля загрукаў калясьмі адтуль балагольскі воз. Сымон глянуў у стадолу. У прасторнай цемені ўбачыў ён старога яўрэя. Ён падграбаў каліва сена, што асталося пасьля фурманак. Убачыўшы ў варотах чалавека, ён пачаў прыглядацца.

— Ага-ага, гэта Чуйка Сымон?

— Што ты, не пазнаеш мяне, ці што?

— Хто гэта мог думаць, што ты на сьвеце жывы яшчэ.

— Я і сам ня ведаю, ці жывы я, ці…

— Ай-яй-яй, які ты зрабіўся. Ай-ай-ай…

— Зрабіўся. Бачыш-жа.

— Дзе-ж ты быў дагэтуль. Няўжо?..

Сымон бачыў, што стары гаспадар стадолы спалохаўся і баязьліва зірнуў з-за вушака на вуліцу:

— Увайдзі, Сымон, у сярэдзіну, а то калі сабака ўбачыць які, дык тады будзе мне цераз цябе капут… Бо ты-ж…

— Бо я-ж… Ня бойся, я адседзеў і адрабіў сваё. Цяпер мяне выпусьцілі з турмы. Ці дрэнны з мяне быў заложнік, ці я за гэтулькі год адбыў сваю кару за свае злачынствы, што захацеў быў не аддаць пану тых коп трох жыта, што нажаў быў на скарбовым полі за рэволюцыяй, але мяне зусім пусьцілі з турмы. Пехатой іду.

— Зайдзі, зайдзі хутчэй, кажу табе, Сымон!

— Дык там на вуліцы яшчэ стары Няміра.

— Дык чаго ён сядзіць там! Гвалт! Гукай яго сюды! Вы згубіць мяне захацелі… Пасталі як на выстаўку перад маімі дзьвярыма.

Дык і стары ўвайшоў у стадолу.

— Ты, Ёсель, скажы адно нам, дзе мяжа прайшла. Па які бок наша вёска?

— Ваша вёска? Сказаць праўду, дык яна і там, і тут.

— Як гэта?

— Як, я табе кажу. Папалам пайшла вёска. Мяжа ідзе гэтак як ідзе рэчка. Па рэчцы мяжа пайшла. Дык па той бок рэчкі там, а па гэты тут. Ой колькі год ты ня быў тут! Ты мо’ забыўся ўжо дзе твая вёска? І ты гэта ўсё ў астрозе сядзеў? А дзе-ж больш людзі, вас-жа тады больш забралі,

— А от стары са мною прышоў. От табе і больш людзі.

— Што ты кажаш!