Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/126

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ЧАЦЬВЕРТАЯ
ЧАСТКА


І. ЖЫВІ ЯК ХОЧАШ

Тады, калі верныя сыны Жэчы Паспалітай ужо звыкліся з радасьцю аб уваскрошаньні бацькаўшчыны свае, калі ўжо гэтая іхняя айчына як мае быць улягавалася па маёнтках і фальварках, калі ўжо толькі ўспаміны асталіся аб страшным бальшавіцкім маршы пад Варшаву, а над гарадамі і гарадкамі патрэсаўся ад ветру на сьцягох бялы ожал і абуджваў магнацкія мары аб Дняпры, на усходняй ускраіне гэтай маладой дзяржавы от’ што было.

Бітым гасьцінцам ішло двое людзей. Паабапал дарогі густа стаялі вёскі, значыцца дарога была вельмі выгодная старцом і ўсім бяздомным вандроўцам. На гэтых вандроўцаў, або на старцоў і былі падобны гэтыя два мужчыны. Адзін быў зусім стары, гэтакі стары, што здаецца мала што бачыў навокал сябе. Прынамсі ён часта пытаўся свайго спадарожніка:

— Што гэта, Сымоне, чалавек унь стаіць, ці гэта бяроза гэтак ўбок адскочыла ад гасьцінца?

Або:

— Гэта едзе унь хто, ці кусты?

Барада была ў яго нізка, няроўна выстрыжана — чалавек, відаць, ня любіў насіць барады. Адзеты ён быў у нейкіх трантах, апіраўся на кій, адно што ня было торбы ў яго цераз плечы. Другі, яго таварыш, быў маладзейшы, вышэйшы ад яго ростам, ішоў бяз кія, і ня быў у лапцях, як яго стары спадарожнік, а ў вылатаных юхтовых ботах. Транты на ім былі крыху зграбнейшыя.

Быў дзень халодны — позьняя восень. Хмурна было, суха, дзьмуў вецер. З мерзлае зямлі ўзьнімаўся пякучы пыл і калоў твар як голкамі. Часта да пылу дамешваліся сухія крупы сьне-