Старонка:Барысенак. Нацыянальны характар Літоўскага Статута 1529.pdf/17

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

чый-небудзь чужы ўплыў. Для гэтага няма ніякіх падстаў. „Область (уласна Літоўскага княства) занимала доминирующее положение в Литовско-Русском государстве. Она была самою населенною, самою многолюдною из всех других. Здесь сосредоточено было наибольшее количество господарских, великокняжеских имений, тут-же преимущественно скучены были и имения правящей литовской знати—князей Гольшанских, панов Гаштольдов, Радзивиллов, Заберезинских и др.“[1]

Ад часу Гарадэльскай вуніі рада наогул, пад уплывам літоўскага нацыянальнага элемэнту, адыходзіць ад баярскай думы, як старадаўня-рускай нацыянальнай формы ўлады арыстократыі, а пры Казіміры і Сыгізмундзе канчаткова ператвараецца ў польскі сэнат. Як даказвае проф. Уладзімерскі-Буданов,—Рада ёсьць установа літоўская па свайму нацыянальнаму духу[2].

Па сваёй істоце судзебнік прысьвечаны пытаньням, галоўным чынам, крымінальнага права і процэсу. З 25 артыкулаў, 16—у ім трактуюць аб „татьбе", 3—аб „земных делах“, 1—аб вывадзе чэлядзі, 1—аб знахадцы і 1—аб маставой павіннасьці[3].

Гэты законадаўчы помнік выяўляе інтарэсы зямляўладніцкай клясы. Атрымаўшы шляхам прывілею 1447 году права домініяльнага суду, зямляўладнікі павінны былі паклапаціцца аб формальным разьмежаваньні панскай юстыцыі ад вялікакнязеўскай. Судзебнік пераважна гаворыць аб панскім і гаспадарскім чалавеку, як рэчы, з прычыны якой (больш правільна, з прычыны злачынстваў, якія гэтымі людзьмі ўтвараюцца) зьяўляюцца рознастайныя праўныя адносіны. Тацьба была самым звычайным злачынствам якраз для незаможных кляс тагочаснага грамадзтва. Даволі праглядзець судовыя акты таго часу, каб пераканацца ў тым, што абвінавачаньне шляхціца аб крадзяжы было надзвычайна рэдкаю зьяваю. Шляхта ўжывала іншыя спосабы, — для яе характэрным было гвалтоўніцтва—разбой, бойка, грабежніцтва, забойства, падпал.

У нас няма помніка права для гэтай галіны, адпаведнага Смаленскаму Дагавору, каб мець прадстаўленьне аб тых асновах, далейшым разьвіцьцём якога зьявіўся судзебнік. Можа тут сапраўды ўжывалася Руская Праўда. Але не ўва ўсім, аднак, судзебнік зьяўляецца працягам Рускай Праўды. У палажэньнях аб тацьбе ёсьць такія нормы, якія па духу свайму проста супроцьлежны Рускай Праўдзе, напрыклад, артыкулы 13 і 14, якія ўводзяць об'ектыўны крытэрый ацэнкі ўкрадзенага: крадзеж рэчы каштоўнасьцю вышэй „полкопы“ ці „полтины“ караецца сьмерцю.

Апошні артыкул судзебніка напамінае Рускую Праўду: яна знаходзіцца ў канцы і гаворыць аб збудаваньні і папраўленьні мастоў. Апрача гэтага артыкулу, няма ніякіх другіх сьлядоў перайманьня Рускай Праўды.

  1. Любавский, Очерк. стар. 76.
  2. Владим.-Буданов. Рада, Зап. УАН, IV. стар. 233.
  3. Ясинский. Уст. Зем. Грам., стар. 8.