Старонка:Барвенак (1924).pdf/99

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

РАНІЦАЙ.

Як ты мне міл, усход румяны,
І дзіўны бляскам твой прамень,
І белы луг расой засланы
І лесу шум, што кінуў цень.

І люба мне глядзець на поле,
Дзе колас гнецца да зямлі,
Дзе радасьць ясная і воля
Наўкол ўсё чыста абнялі.

І люба мне глядзець на вёску,
Дзе чуцен голас мужыкоў:
Той ладзіць воз… На луг шырокі
Грамада рушыла касцоў.

Пастух хлявы ўжо адчыняе;
Вароты жаласна скрыпяць, —
Кароў на пашу выганяе;
Авечкі кучкаю стаяць.

А песьня птушак галасіста
Вяселіць луг, зялёны лес,
Ды сонца яснае агніста
Шле ласку дзіўную з нябес.

1913 г.