Старонка:Барвенак (1924).pdf/88

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

УНОЧЫ.

Скрозь нязьмерную гладзь у люстранай вадзе
Адбіваецца месяц бялявы;
З хваляй быстрай вады казку ночы вядзе,
Прывітаньне ёй шэпча ласкава;

Ціхі ночы спакой ўсё наўкол апавіў,
А ня сьпіць толькі рэчка — бурліва;
Ў ёй жыцьцё не стаіць, яе быстры прыліў
Ўдаль імчыцца стралою — на дзіва.

Ціха шэпчуць кусты над люстранай вадой
І штось лісьці таемна гадаюць;
Хвалі плешчуць, нясуцца удаль грамадой,
Сваёй музыкай сон адганяюць…

Лісьцям міла шаптаць, думкі думаць ў цішы
Пад рачныя званы-пералівы;
Ночы сон ня трывожыць іх думак душы —
Яны шэпчуць і шэпчуць шчасьліва.

Мне так міла стаяць над ракою вясной,
Думкі думаць пад шэпты рачныя;
Хвалі быстра ляцяць ўдаль адна за адной,
Успамінкі нясуць дарагія…

Пецярбург, 1913 г.