Старонка:Барвенак (1924).pdf/36

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ГОРАД.

Шэрыя будовы ў нейкай дзікай злосьці
Засланілі сонца ад маіх вачэй;
І стаяць-сумуюць, як, нязваны госьці,
Ці рабунак чыняць скрозь цішу начэй.

Вуліцы спляліся, камень — іхні грудзі,
А над імі вісьне і туман і змрок;
Топчуць іх штодзённа, як мурашкі, людзі,
Топчуць на працягу — ўздоўж і папярок:

Хто шукае працы, — хто ад ёй ў зьнямозе,
Хто галодны дужа, — хто ў абжарстве ўстух,
Хто ў бязвольлі волен, а хто — у вастрозе
Сушыць сваё цела і марнуе дух.

Тут на кожным кроку можна бачыць цуды:
Хто купляе цела, — хто таргуе ім;
Адзін весяліцца, — другі сьветам нудзіць
І глядзіць на жыцьце поглядам благім.

Усяго убачыш, усяго бясконца,
Толькі не зьвяселіш гэтым ты грудзей,
Бо няма тут ласкі і цяпла ад сонца, —
Тут няма прастору вольнага палей;

А як сэрца рвецца на абшары нівы,
Як пагляд імкнецца на лугоў прастор, —
Дзе паўнее шчасьцем залатое жніва,
Дзе каса на сонцы сыпле бляскі зор…

1921 г.