Старонка:Барвенак (1924).pdf/211

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ДУМКІ РАБОЧАГА.

Даволі жальбы і цяжару! —
Я поўны веры і надзей…
Дзьмухну на іскру — і пажарам
Яна асьвеціць ўсіх людзей…

Вазьму пілу, вазьму сякеру
І ў пушчы шлях сабе праб‘ю,
Бо мне ня страшны люты зьверы:
Жыву я вольна і пяю…

Мяне ня страшыць звон кайданны —
Жыве мой молат, моцай — сталь…
Я ў сіле буйнай гартаваны:
Рабочы я — дабра каваль!

Гляджу на жыцьце я з надзеяй,
Нядолі зьнішчаны сьляды:
Ўжо промень шчасьця чырванее
Бяз сьлёз і мукаў і бяды…

Жыцьцё зіяе майскай кветкай
І ня відаць ўжо сьлёз-расы,
Бо чуцен звон ў далі палеткаў
Сярпа і гострае касы…