Старонка:Барвенак (1924).pdf/176

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ДАЧАКАЦЦА-Б ПАРЫ…

Дачакацца-б пары тае гожай,
Каб на роднай старонкі балотах
Каласістае ўзьнялася збожжа,
Вышынёю падобна чароту.

Каб забыліся сьлёзы і гора,
Што ліліся пад ўладай варожай,
Каб згаіліся раны-разоры,
Што парэзалі гострыя ножы, —

Каб свабоднае слова народу
Разьлівалась магутнаю хваляй,
І каб сонца братэрства і згоды
Асьвятляла нам родныя далі.

Прыдзе скора пара ужо гэта,
Бо ўжо шчасьця праменьні зіяюць,
І краіна ўжо імі сагрэта:
Гымны волі народы сьпяваюць.

Разам з імі сыны Беларусі
Малатамі куюць сваю долю,
На балоты зьлятаюцца гусі
І сяўцы засяваюць скрозь поле…

1923 г.