Старонка:Барвенак (1924).pdf/166

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

У ЗІМОВЫ ВЕЧАР.

На дварэ пануе люты,
Вецер дзьме, трашчыць мароз;
Выйсьці ў двор — як на пакуту,
Як напіцца горкіх сьлёз…

Зоры зьяюць, як-бы сьвечкі,
Тушаць хмары іх парой,
Што шныраюць, як авечкі,
Ў небе шпарка чарадой…

Сад стаіць хмурны у белі,
Часам моцна уздрыгне,
А наўкол гудуць мяцелі,
Ў хату просяцца ка мне…

Ў хаце цёпла, гоман, сьпевы,
Няупынна роем пчол,
Як чаканыя спадзевы,
Ўюцца весела наўкол;

У такт гамоняць верацёны;
Дзяўчат спрытная рука
Круціць іх ва ўсе староны,
Як дзяўчына дзяцюка

У той час, як заханы
Спадабацца ёй ня мог…
А пачынкі наматаны
Гоняць зыкам цень трывог.

Захісталась матавіла,
Гучна стукае варштат…
І глядзець і слухаць міла
Гоман хлопцаў і дзяўчат…

1921 г.