Старонка:Барвенак (1924).pdf/131

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Я ЛЮБЛЮ МОРА.

Я люблю бурлівасьць мора,
Роўны іскрам хваль крыштал,
Шыр бязьмежную прастора,
Сонца бляск наверсе скал,

Чаяк быстрае кружэньне,
Гоман іх у высі хмар,
Зранку сонца нараджэньне;
Яго вечарам пажар.

Ўзыйдзе месяц — заіскрыцца
Саляністая вада,
Дзьмухне вецер — забурліцца,
Пойдзе хваляў чарада.

Ўсё тане ў імгле, тумане,
Ціхнуць чаяк галасы…
Сьціхне бура — ясна стане…
Многа ў моры ёсьць красы!..

1914 г.