Старонка:Барвенак (1924).pdf/127

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

У ДАРОЗЕ.

Эй, праклён вам, злыя буры, маразы!
Ў гурбах сьнегу вязнуць коні…
Эх! халодны дзень сягоньня!..
Стогнуць жальбаю халоднай маразы.

Эх, пуціна — беспрасьветлая імгла!
Лес мне шэпча нейкі сполах…
Ў полі страшна, цёмна ў сёлах…
Мяне нейкая трывога абняла.

І срыбрыцца у паветры пышна бель
І парушыць мае вочы:
Ці з дарогі зьбіці хоча,
А мо‘ сьцеле мне халодную пасьцель?

Эй, нясеце-ж, мае коні, вы мяне! —
Не хачу я ў гурбах сьнегу
Ні спачынку, ні начлегу,
Бо чакае недзе шчасьце ды ня ў сьне…

1922 г.