Старонка:Барвенак (1924).pdf/109

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

У ПОЛІ.

Цяплом агорненае поле
Цьвіце, красуецца, шуміць…
А колькі колераў, раздольля!
І кліча ўсё і весяліць…
Удалі чутны косаў звоны,
І пахі вялае травы
Цудоўна поўняць ўсе староны,
І шоўк зялёнай муравы
Шуміць баязна, палахліва,
Пакорна жджэ сваёй чаргі;
А там — насьпела жыта жніва…
Яшчэ — дзянёк альбо другі —
І прыдзе к ёй жняя рупліва,
Зажынак песьню ёй сьпяе,
Пагляд на постаць свой шчасьлівы
З паглядам сонечным зьліе…
І серп на сонцы зазіяе,
Ў гушчар пралезе, будзе жаць;
А ветрык ціха зашугае,
Каб жнею холадам абдаць…
Ячменны колас ўжо наліўся,
Як рута, зелен шчэ авёс,
А лён блакітнасьцю зацьвіўся,
Чакае вільгаці ад рос.
Бялее грэчка з пахам мёду,
Бялее, нібы сьвежы сьнег…
І ўсё чаруе, ўсё салодзіць,
І ня любіць красы тэй — грэх…

1922 г.